ЗБІРАЮЦЦА ЛІТАРАТАРЫ

Літаратурны фэст “Гомельская літаратурная восень-2012”, які штогод арганізоўваецца Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, 2-3 лістапада збірае творцаў і аматараў мастацкага слова ў горадзе над Сожам. Якія падзеі чакаюць гамяльчан і гасцей Гомеля сёлета, мы пацікавіліся ў кіраўніка абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзіміра Гаўрыловіча.
– Уладзімір Мікалаевіч, як узнікла ідэя правядзення такога форуму на гомельскай зямлі, дзеля чаго праводзіцца?
– Такія літаратурныя святы-сустрэчы праводзяцца па ініцыятыве пісьменнікаў Гомельшчыны з моманту стварэння абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першапачатковыя “Гомельскія літаратурныя дажынкі”, якія задумваліся як творчая справаздача пісьменнікаў вобласці перад чытачом аб напісаным і здзейсненым за пэўны перыяд часу, на працягу некалькіх гадоў перараслі ў шырокафарматны фэст з новай назвай “Гомельская літаратурная восень”, які прадугледжвае не адно, а шэраг літаратурных падзей. Прычым, што немалаважна, фэст набывае міжнароднае гучанне, бо на працягу некалькіх апошніх год прыехаць у Гомель выказваюць жаданне літаратары памежных рэгіёнаў Расіі і Украіны. І цяпер такую творчую справаздачу на гомельскай зямлі разам з намі правядуць майстры слова некалькіх творчых арганізацый Расіі і Украіны. Гэта ўзбагачае чытача, дапамагае развіццю творчых кантактаў паміж пісьменнікамі-славянамі. Такі фармат творчых сустрэч прымушае шукаць новыя формы супрацоўніцтва, наладжваць узаемаабмены дэлегацыямі пры правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з імёнамі класікаў беларускай, расійскай і ўкраінскіх літаратур, абменьвацца новымі выданнямі, у тым ліку і перыядычнымі, каб разумець глыбінныя працэсы развіцця літаратурнага працэсу ў братніх краінах, праводзіць майстар-класы для пачынаючых літаратараў. І цяпер усё гэта рэальнасць. Больш таго: мы набылі сапраўдных сяброў, узаемна цікавімся не толькі творчым працэсам, але і паўсядзённым жыццём адзін аднаго, стараемся падтрымаць у цяжкую хвіліну, парадавацца за поспех.
– Чым будзе адметнай “Гомельская літаратурная восень-2012”?
– Так, адметнай – адназначна, бо гэтага патрабуюць Год кнігі і юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ранкам 2 лістапада ў Белай гасцінай палацава-паркавага ансамбля адбудзецца ўрачыстасць, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння беларускіх песняроў. Возьмуць у ёй удзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і ўладаў, літаратары і вучоныя, творчая моладзь. У межах свята адбудзецца цырымонія ўшанавання лаўрэатаў абласных літаратурных конкурсаў імя Кірылы Тураўскага і прысвечанага 130-годдзю Я.Купалы і Я.Коласа. Удзельнікі падзеі будуць мець магчымасць пазнаёміцца з рэдкімі выданнямі Якуба Коласа на спецыяльнай кніжнай выставе, паслухаць цудоўныя мелодыі, створаныя па матывах твораў класіка. Затым у абласной спецыялізаванай бібліятэцы імя У.І.Леніна пройдзе галоўная падзея фэста. Пісьменнікі Гомельшчыны, Масквы, Браншчыны, Куршчыны, Сумшчыны і Чарнігаўшчыны пазнаёмяць чытачоў са сваімі творчымі набыткамі, распавядуць пра новыя творы і дзейнасць пісьменніцкіх арганізацый. На свяце прагучаць аўтарскія песні на словы гомельскіх паэтаў. Новыя творы і кнігі прадставяць чытачу як вядомыя аўтары, так і маладыя паэты. Безумоўна, цікава будзе даведацца аб навінках літаратуры калег з суседніх краін. Не абыйдзецца і без падарункаў: прэзентуемыя выданні будуць тут жа з аўтарскімі аўтографамі падораны бібліятэцы. Гэта таксама добрая традыцыя. Удзельнікі мерапрыемства, дарэчы, змогуць на спецыяльнай выставе пазнаёміцца з новымі выданнямі, што выйшлі нядаўна з друку як у Беларусі, Гомелі, так і ў памежных рэгіёнах Беларусі і Украіны. А напрыканцы дня ў гарадской бібліятэцы імя Герцэна адбудзецца яшчэ адна цікавая прэзентацыя: маладыя парасткі Гомельшчыны запрашаюць усіх жадаючых даведацца пра вынікі сваёй творчай дзейнасці, якія яны набылі дзякуючы працы ў Школе маладога літаратара (кіраўнік паэтэса Ніна Шклярава). Ацэньваць працу творчай моладзі будуць сталыя калегі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, Украіны. Фестываль працягнецца і на наступны дзень: у рэдакцыі газеты “Гомельскія ведамасці” пройдзе сустрэча з кіраўніцтвам горада Гомеля і пасяджэнне “за круглым столом”, на якім літаратары Беларусі, Украіны і Расіі павядуць размову аб стане мастацкай літаратуры і развіцці творчых кантактаў, наладжванні сумесных праектаў, аб перспектывах правядзення сумесных літаратурных акцый на 2013 год. Для гасцей Гомеля будзе наладжаны шэраг экскурсій па гісторыка-культурным мясцінам другога па велічыні горада Беларусі, якім мы ўсе ганарымся.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика