“Лёсу” быць – песні жыць

Для чалавека ўзрост 40 гадоў – самы яго росквіт, а для фальклорнага ансамбля народнай песні, музыкі і танца “Лёс” в.Бабічы – цэлае жыццё. За гэтыя гады праз песенна-музычнае мастацтва тут прайшло не адно пакаленне. Калі раней вясковыя напевы і танцавальныя каленцы мясцовага “фасону” выконвалі дародныя бабіцкія кабеты і старыя бабулі, то потым майстэрства беларускага народнага танца ад бацькоў пачалі пераймаць іх дзеці і ўнукі. А затым ім на змену прыйшлі іншыя.
На свята да лёсаўскіх артыстаў прыехаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Пётр Несцяровіч, віншавала юбіляраў начальнік аддзела культуры райвыканкама Юлія Басаргіна, уручала Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты актывістам і захавальнікам беларускай рэгіянальнай культуры за творчы ўклад у адраджэнне нацыянальных традыцый кіраўнік гурту Людміла Міхалкоўская. Меладычна і з запалам былі падараваны музычныя віншаванні ад імя фальклорнага гурту “Меркулавіцкія вячоркі” і жанчын калектыву “Нісімкавічы-Гацкое”. Але самым душэўным момантам мінулага свята сталі ўспаміны пра людзей, што стаялі ў вытокаў дзейнасці “Лёсу”, на творчым падмурку якіх гартавалася сцэнічны рэпертуар і вядомасць калектыву. Не абыйшлося тут і без трапятлівай настальгіі стваральніка гурту і першага кіраўніка Аляксея Маркоўскага. Гэта з яго лёгкай рукі “Лёс” нарадзіўся і набіраў моц, абраў свой стыль, шліфаваў майстэрства і творча мацаваўся. Шмат намаганняў, цеплыні і светлых мар безадказнага любячага сэрца аддаў любімаму захапленню былы акампаніятар і другі кіраўнік Пётр Біжуноў. Навучыць дзяцей слухаць музыку, выбіваць абцасамі ў такт мелодыі, правільна трымаць асанку – нялёгкая справа. Але пад кіраўніцтвам таленавітага музыкі ўсё было пад сілу, і калі на сцэну выходзілі бабіцкія танцоры, зала заўсёды гучна апладзіравала. Сярод гасцей свята былі і тыя, хто ў дзяцінстве стаў “першапраходцам” у выкананні беларускага танца на вясковай сцэне ў складзе калектыву. І да гэтага часу яны не забыліся, як хадзіць па кругу, куды рухацца, з першых акордаў адгадвалі знаёмыя найгрышы гармоніка. Добрым словам успомнілі і сталічнага балетмайстра, рэжысёра, сцэнарыста, фалькларыста і проста цудоўнага чалавека Мікалая Козенку, які працаваў з калектывамі Чачэршчыны ў рамках фестывалю “Беларуская полька” і быў непасрэдным ініцыятарам і стваральнікам гэтага цудоўнага свята.
Нібы яркімі ўспышкамі сонейка гучалі ў гэты вечар прозвішчы жанчын, якія стаялі ў вытокаў стварэння ансамбля: Таццяна Канавалава, Ніна Загорцава, Таццяна Лахцерава, Ганна Лаўрыновіч, Вольга Багданава, Ганна Цеплякова, Таццяна Багданава, Алена Янкоўская і іншыя. Яны захавалі і перадалі нашчадкам культурныя традыцыі і абрадавыя дзеі свайго рэгіёна, сярод якіх унікальныя побытавыя танцы “Матлёт”, “Месячык”, “Субота”, “Карапэт”, “Мятло”, “Полька-бабачка” і інш. Адметнымі для Бабіч заўжды былі карагод “Розачка”, бадзёры “Шахцёр” на два каленцы і вясёлы, захапляльны танец “Гірша з Маршай”. А наколькі прыгожыя і яркія жаночыя касцюмы, з непаўторным местачковым нацыянальным строем, з каларытным колерам! За 40 гадоў свайго існавання бабіцкі “Лёс” аб’ехаў усю Беларусь, пабываў за межамі краіны. Лёсаўцы сталі лаўрэатамі Першага Рэспубліканскага фестывалю беларускага народнага танца “Палескі карагод” (г.Пінск), прымалі ўдзел ва ўсіх чатырох фестывалях народнага танца “Беларуская полька”, дзівілі сваім талентам жыхароў шматлікіх беларускіх гарадоў, а нядаўна прывезлі чатыры прызавых месцы ў розных намінацыях з фестывалю фальклора “Траецкі карагод”. Без сумнення – гэта яшчэ не ўсе перамогі таленавітага і арыгінальнага калектыву Чачэршчыны. Мастацкі кіраўнік Людміла Міхалкоўская ўпэўнена – наперадзе яшчэ шмат творчых вяршынь, цікавых сустрэч і заслужаных узнагарод. Пакуль на бабіцкай зямлі пульсуюць такія апантаныя і гарачыя сэрцы – песні жыць!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика