ТАКІ КАРОТКІ ДОЎГІ ШЛЯХ

Жыццё 85-гадовай жыхаркі аграгарадка Залессе Аляксандры Клімаўны Крупенькінай магло б стаць цікавым сюжэтам для аповесці пра вясковы быт і складаны лёс чалавека. А яе духоўнае багацце, кіпучая энергія і станоўчыя эмоцыі на зайздрасць іншым. Нават у такім сталым узросце жанчына знаходзіць чым парадаваць сябе кожную раніцу, але галоўнае для яе – праца на зямлі.
Гэты важны выток сялянскага сродку існавання калісьці быў парушаны тагачаснымі законамі і строгімі мерамі спагнання. Бацька бабы Шуры быў заможным гаспадаром, на падвор’і якога вяліся і птушка, і парсюк, і карова, меўся ладны надзел зямлі, вялікая хата. І ўсё гэта было адабрана, бацьку раскулачылі і саслалі на прымусовыя работы. Вярнуўшыся праз некаторы час дадому, ён напісаў заяву з просьбай вярнуць яго жыллё, а заместа гэтага зноў быў арыштаваны і ўжо прапаў назаўсёды. Малую Сашу гадавала яе родная цётка Малання, бо маці памерла, ледзьве дзяўчынцы споўнілася 1,5 гады. З ёй перажыла і вайну, калі давялося хавацца ад немцаў у суседнім лесе, а пасля таго, як ворагі спалілі вёску, туліліся ў халоднай зямлянцы. Не менш складаным былі і пасляваенныя дні: будавалі новую хату, абжываліся жывёлай, гарбацілі на ўласных сотках. Шмат работы было і ў калгасе, жанчыны станавіліся ў рад з мужыкамі і касілі ў дзень па 15-20 сотак, падбіралі лён, жалі па гектару жыта, а потым на малатарні аббівалі сухое зерне. Разлік за вясковы клопат быў сціплы – кілаграм збожжа за тры працадні, або проста ставілі “галачку”. Сціплым быў і няхітры харч калгасніка, без каларыйнага сняданку, без мяснога дастатку, пры дэфіцыце звычайных ледзянцоў. Але якімі смачнымі здаваліся тады шэрыя аладкі-скавароднікі з гнілушак. “Бывала, наварыш бульбы, патаўчэш яе ў ступе з насеннем ільну, дабавіш жменьку мукі – аб’есціся можна. Здавалася, нічога прыемней за гэтую страву і не было”, – прычмоквае ад асалоды Аляксандра Клімаўна. Праўда, за кішэню калгаснага ільносемя маглі і да адказнасці прыцягнуць. Такі быў строгі парадак. А яшчэ нежанатых хлапцоў і дзяўчат абкладалі дзяржаўным падаткам, які выплаціць маглі далёка не ўсе. Таму за халасцяцкае жыццё даводзілася разлічвацца хатняй жывёлай, бытавымі рэчамі, у лік якіх ўваходзілі і падушкі. Да шчасця, малодзенькая Аляксандра не засталася без мужа. Яе другой паловай стаў сын былога старшыні калгаса “Звязда” Паўла Маслава. Стромкі кучаравы хлопец паланіў сэрца дзяўчыны, яны заручыліся, нарадзілі чацвёра дзяцей. Гадаваць малых дапамагала ўсё тая ж цётка Малання, бо дзіцячых садкоў у тыя часы не існавала, а адпачынку па догляду малых ніхто тады не даваў.
Пазнаўшы горыч сіроцкага хлеба, Аляксандра Клімаўна ўсё ж не ачарсцвела душой. “Хоць і хадзілі мы ў палатняных сарочках, але была такая прага да жыцця! – з настальгіяй успамінае жанчына. – Здаецца, з ног валішся пасля працоўнага дня, але як пачуеш вечарам гармонік, дык тыя ногі самі цябе нясуць на вясковае ігрышча. У Залессі шмат хто іграў на двухрадцы, але я любіла таньчыць пад найгрышы кума Анатолія і аднавяскоўца Івана Шкурынава. Як пайду выбіваць каленцы – пыл слупом стаіць. А мой муж Іван толькі ў далоні пляскае, любуецца. Нажаль, трынаццаць гадкоў, як я жыву адна, памёр мой чалавек”.
…Сёння Залессе не тое, што было раней, калі вясковыя вуліцы адным канцом цягнуліся амаль да Чырвонага Берага, а другім упіраліся ў лясны масіў за Шохаўкай. У гаспадарцы налічваліся тысячы галоў свіней, авечак, птушкі. На Марачэўшчыне залясчане ладзілі вечарыны, на Лазоўцы рыхтавалі сыравіну для малых і вялікіх кошыкаў, а ў выхадныя білі паклоны Богу ў мясцовай царкве. Час мяняецца, па рацэ Сож ужо не цягаюць баржы і не ходзяць параходы, бяздоннае жлукта вельмі ўдала замяніла сучасная разумная тэхніка, якая і памые бялізну, і хуценька яе высушыць. А клопат паштальёна лёгка бярэ на сябе “прадзвінуты” камп’ютар. І ўсё ж іншы раз нешта зашчэміць у грудзях, як станеш успамінаць маладосць. Што ні гавары, але людзі ўмелі і весела адпачыць, і добра папрацаваць. За свой плён Аляксандра Клімаўна адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі, 40 гадоў стажу прынеслі ёй аўтарытэт, павагу і дзяржаўныя ўзнагароды. Яна заўсёды ў клопаце. Вось і цяпер давялося застаць яе на агародзе. “Зямлю трэба любіць, – навучае баба Шура. – Яна жывая, патрабуе да сябе ўвагі. І калі пастараешся – будзеш заўсёды з ураджаем”.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика