“ГАВАРЫ СА МНОЙ ПА-БЕЛАРУСКУ…”

Адчуць мілагучнасць роднай мовы, асалоду ад гарманічнасці рыфмаванага радка з душэўным станам паэта – ці ж гэта не прыемны падарунак для аматараў высокага літаратурнага мастацтва. Менавіта гэту радасць падаравалі работнікі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы ўдзельнікам творчай сустрэчы, праведзенай у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства. Аб харастве бацькавай мовы можна гаварыць бясконца, але лепей няма пачуць яе яшчэ раз з вуснаў сапраўднага майстра беларускага слова. Калі наш мясцовы паэт Міхась Болсун чытае свае вершы, зала замірае. Так было і на гэты раз – нібы крыштальная вада з жывой крыніцы лілася такая знаёмая, адшліфаваная ў рытмічныя радкі матчына мова. Вершы пра чачэрскі край, пра яго цудоўных людзей, пра каханне кранулі да глыбіні душы.
З захапленнем слухалі чачаране і выступленне яшчэ аднаго госця мерапрыемства – гомельскай паэтэсы Іны Спасібінай. Паэтка мае тры выданні сваіх твораў, адзін з якіх прысвечаны дзецям. Вершы Іны Спасібінай увайшлі ў калектыўны зборнік “Літаратурная Гомельшчына”, жанчына ўваходзіць у Савет школы “Малады літаратар”. Яе выступленне паланіла слухачоў, яе паэзія – палітра ўсіх фарбаў нашага жыцця, у яе вершаваных слупках прысутнічае вобразнасць, рытміка і славянскі дух. Іна Мікалаеўна пакінула бібліятэцы гэты свой каштоўны скарб, свае думкі і пачуцці, сабраныя на старонках яе выданняў, каб кожны з нас мог прасякнуцца тымі ж марамі і тым жа болем, якія выношвае чуллівае жаночае сэрца.
Выконваючая абавязкі начальніка аддзела культуры райвыканкама Алена Фенік узнагародзіла паэтаў Падзячнымі лістамі аддзела за прапаганду высокага літаратурнага мастацтва і за духоўнае выхаванне насельніцтва. Музычныя падарункі падрыхтавалі Ірына Курдзюмава і Марыя Мамекіна, а таксама паказалі сваё акцёрскае майстэрства ў інсцэніроўцы з адрыўка паэмы Я.Купалы “Раскіданае гняздо” ўдзельнікі бібліятэчнага тэатра Людміла Трубачэнка і Таццяна Гапеенка.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика