“ПЕРАСЫХАЛІ РЭКІ І АЗЁРЫ, А КРЫНІЦА ПОЎНАЯ СТАЯЛА…”

Менавіта гэтыя словы з некалі шырока вядомай песні сталі вяршыняй артыкула – яго назвай. Тым больш, што калісьці мілагучную задушэўную песню выконвала ўраджэнка чачэрскай зямлі Валянціна Пархоменка.
Шмат чаго змянілася з тых часоў. Чорным болем і стратамі прайшлася па раёну чарнобыльская катастрофа, шмат людзей вымушаны былі змяніць месца жыхарства, яшчэ раней эмігрыравала за мяжу і беларуская спявачка.
Аднак калі ёсць на зямлі нераўнадушныя да роднай прыроды і традыцый людзі, край той будзе яшчэ шмат гадоў квітнець. Яны расцэньваюць маленькія крыніцы як калыску жыцця і нават усяго жывога на зямлі. Напэўна, сам Стваральнік раскінуў па зямлі такія маленькія вільготныя кроплі, якія, як вядома, сталі невычэрпнымі і бяздоннымі.
Чачаранін Аляксандр Гапеенка захапляецца гісторыяй крыніц. Каб пазнаць больш, падарожнічае па ўсёй Беларусі, ужо стварыў альбом маршруту, куды цікава зазірнуць кожнаму з нас. А яшчэ ён марыць, каб пра крыніцы нашага, чачэрскага краю, стала больш вядома ў свеце, таму ў свабодную хвіліну накіроўваецца да вёсак і пасёлкаў, дзе ў мясцовых жыхароў атрымлівае звесткі пра крыніцы, якія сёння мала каму патрэбны, але ж без якіх калісьці немагчыма было ўявіць чалавечае жыццё. Можна сказаць, што сабраныя ім звесткі пра тыя шаснаццаць крыніц на Чачэршчыне, на якіх са сваімі аднадумцамі пабываў Аляксандр Іванавіч Гапеенка, могуць стаць асновай скарбніцы чачэрскай зямлі і асобным інтэрнэт-рэсурсам.
Не адзін дзесятак кіламетраў давялося праехаць яму з сябрамі перш чым адшукаць крыніцу на рацэ Молінка непадалёк ад вёсак Каменка і Бяляеўка, здаўна вядомую сваёй празрыстай вадой, яе чароўным смакам, прычым такая ж чыстая вада была некалі і ў самой рэчцы, што прабягала побач і ля якой дзейнічаў смолзавод. Смаляныя карчы закідвалі ў велізарны кацёл, і праз пэўны час рабочыя атрымлівалі патрэбную сыравіну для вытворчасці шкіпінару, дзёгцю, вапны, актываванага вуглю. Жыхары бліжэйшых вёсак працавалі тут, і да іх часта прыбягалі іх маленькія дзеці, якія сёння яшчэ добра памятаюць, як далонямі чэрпалі празрыстую крынічную вадзіцу і часам не маглі ёй удосталь напіцца. Можна меркаваць: калі крыніца тая дала жыццё рэчцы, то нездарма яе назвалі Молінка, напэўна, месца гэта было людзьмі намоленае. А да крыніцы, як сведчаць сяльчане, заўсёды прыходзілі вяскоўцы і горача маліліся Усявышняму.
Больш за астатніх майго суразмоўцу здзівіла канструкцыя і шырыня крыніцы ў вёсцы Будзішча. Сёння, менавіта як і шмат гадоў таму, яна падзелена на тры адсекі: дзе бралі вадзіцу мясцовыя жыхары, дзе жанчыны мылі бялізну і той самы, дзе да вады дакраналіся як да вялікай святыні. Я заўважаю, што не толькі Аляксандра Іванавіча захапіў сваёй неардынарнасцю гэты аб’ект. Вядома, як аднойчы тут пабываўшы, госць з Японіі распарадзіўся, каб пасля заканчэння яго зямнога шляху знайшоў тут прытулак яго пыл. Сваякі менавіта так і зрабілі. Упершыню ступіўшы на пацярпелую ад чарнобыльскай катастрофы зямлю, былі неверагодна здзіўлены прыгажосцю крыніцы!
“Добра і светла становіцца на сэрцы, калі бачыш, як гараджанін прыязджае да сваякоў у вёску і пакрысе наводзіць парадак ля крыніцы ў Сідаравічах, – заўважае Аляксандр Іванавіч. – Прычым гэтай справай займацца маладога мужчыну кліча менавіта сэрца, а не чый-небудзь загад”.
Ёсць думкі яшчэ ў аднаго жыхара раёна зрабіць больш зручнай і чыстай вядомую для многіх вяскоўцаў і гараджан крыніцу ў вёсцы Бердыж. Аляксанд Іванавіч расказаў, што група аднадумцаў вырашыла добраўпарадкаваць крыніцу на месцы былога смолзавода і абавязкова адшукаць яшчэ адну ў наваколлі вёскі Бяляеўка, да якой пакуль не знайсці слядоў. Ёсць звесткі пра тое, што некалі тут знайшлі каменны тапор. Можна ўявіць, колькі ж гадоў б’е гэтая крыніца! З былых часоў захаваліся звесткі і пра тое, як жыхары Рудні Нісімкавіцкай і некаторых іншых навакольных вёсак, пераважна католікі, хрысцілі немаўлят каля крыніцы.
Паважаныя чытачы, спадзяёмся на зваротную сувязь: калі вы валодаеце якой-небудзь інфармацыяй ці гісторыяй пра пэўную крыніцу, вялікая просьба – тэлефануйце нам па нумары рэдакцыі 3-22-11. Будзем чакаць вашых званкоў.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика