МАЯ СЯМ’Я – МОЙ СУСВЕТ

Удзельнікаў маладзёжнага сельскагаспадарчага сямейнага праекта ў мінулы раз сустракала засажэўская зямля – чарговы этап конкурсу праводзіўся на базе Нісімкавіцкага сельсавета ў в.Сідаравічы.
Паспаборнічаць у цяслярскіх уменнях, паказаць спрыт дрывасека і не горш за казачную Папялушку аддзяліць зерне кукурузы ад фасолі прыехалі 6 каманд Чачэршчыны – сем’і Чэчка і Лагойкіных з п.Вазнясенскі, Атрашковых з в.Іпалітаўка, Мініных з аграгарадка Отар, Даўгацелец з в.Роўкавічы і Кірэевых, якія прадстаўлялі ААТ “МатнявічыАгра”. У каторы раз дбайныя жанчыны і майстравітыя гаспадары дэманстравалі свой спрыт і талент, пахваляліся набытымі сельскагаспадарчымі навыкамі і зайздросным энтузіязмам. Конкурсы выпрабоўвалі іх на сілу і знаходлівасць, у ходзе судзейства ўлічваліся хуткасць, якасць і іншыя ўмовы спаборніцтва, якія вызначылі б сапраўднага ўладара сяла. На гэты раз кожная каманда змагалася за тытул з асаблівай настойлівасцю. Мужчыны з пілой, сякерай і малатком ірваліся да перамогі, заваёўвалі першынства і набіралі балы. Ад іх другой паловы залежылі ўважлівасць і спрыт у конкурсе “Папялушка”. Членам журы было складана вызначыць лепшага, таму на гэтым этапе ў лідэры выйшлі адразу тры сям’і – Міхаіла і Ларысы Чэчка, Аксаны і Аляксандра Мініных і Канстанціна і Наталлі Атрашковых, якія набралі па 19 балаў. Што ж, наперадзе яшчэ адзін конкурс. Ён і вызначыць мацнейшых. Наступнае спаборніцтва адбудзецца на тэрыторыі аграгарадка Матнявічы.
Музычнае афармленне свята радасці, спрыту, запалу і вясёлага настрою забяспечылі артысты Свяцілавіцкага ДК Веткаўскага раёна. Сідаравіцкім жыхарам так спадабалася іх выступленне і завадныя песні, што яны не хацелі адпускаць калектыў са сцэны. Атмасфера свята адчувалася ва ўсім. Трэба сказаць, што вельмі актыўна праявілі сябе балельшчыкі. Яны так хваляваліся за свае каманды, што іншы раз іх эмоцыі былі вельмі яскравымі. Але потым гарачыня спадала, і ўсё ішло сваім парадкам. Хутка мы будзем вітаць пераможца маладзёжнага сельскагаспадарчага праекта. Пажадаем удзельнікам поспеху!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика