ФАЛЬКЛАРЫСТ І КАЗАЧНІК

Нараджэнне ў 1870 годзе ў в.Рудня Нісімкавіцкая казачніка Пятра Гулевіча яшчэ раз даказвае – Чачэрскі край багаты на таленавітых і цікавых людзей. Пра захапленне вяскоўца зборам народных казак расказвае дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Людміла Хрысціна, якая непасрэдна вышуквала і запісвала цікавыя звесткі пра гэту ўнікальную творчую асобу:
– Пётр Восіпавіч быў чалавек неардынарны. Апрача земляробства ён у маладосці займаўся сплавам лесу па Сажы і Дняпры на Украіну, пэўны час працаваў у купца ў Бабруйску. Потым пасяліўся і пастаянна жыў у пасёлку Гацкое. Расказваў казкі, перанятыя ад аднавяскоўцаў, ад дзеда, бацькі, маці і ўкраінскіх казачнікаў, пераважна пра асілкаў і сацыяльна-бытавыя. Акрамя таго, ведаў шмат песень, прыказак, загадак і твораў іншых жанраў беларускага фальклору. У 1947-49 гадах фалькларысты ўпершыню звярнулі ўвагу на творчасць Пятра Гулевіча, калі студэнты Гомельскага педінстытута пад кіраўніцтвам С.Васілёнка ў час летняй практыкі запісалі ў яго некалькі песень. Праз 10 гадоў Рэспубліканскі і Гомельскі абласны дамы народнай творчасці разам з Гомельскім педінстытутам зрабілі новыя запісы. Казачны рэпертуар нашага земляка вельмі разнастайны і налічвае звыш 40 казак. Невялікая частка запісаў, усяго 8 тэкстаў, апублікавана асобным зборнікам “Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча” (1963г., Мінск). Цэнтральнае месца ў ім займалі багатырскія чарадзейныя казкі і казкі на былінныя сюжэты “Аб Ілюшку”, “Аўдон Аўдонавіч і Вадавон Вадавонавіч”, “Пра Івана Дарагана”, “Браты багатыры”, “Князь Лазар і яго сын”, “Бава каралевіч”. Арыгінальна ён расказваў казку пра Пятра Вялікага і салдата, а таксама сацыяльна-бытавыя “Поп і чужая жонка”, “Мужык і пан”, “Хітрыя салдаты”. У пераважнай большасці твораў П.Гулевіч выступаў як казачнік-эпік, апавядаў пра подзвігі незвычайных людзей, асілкаў, якія перамагаюць розных пачвар. Казачнік па-майстэрску выкарыстоўваў багаты арсенал народнай эпікі: гіпербалізацыю, трохразовыя паўторы, канцоўкі, казачныя формулы ў апісаннні багатырскага каня, зброі, незвычайнага падабенства персанажаў, звароты асілка да каня. У рэалістычных, сацыяльна-бытавых казках пазбягаў казачнай абраднасці, у анекдатычных ствараў трапныя характары, падкрэсліваў асаблівасці іх натуры. Петр Гулевіч выявіўся і як выканаўца выдатных сатырычных казак, у якіх падкрэсліваў маральную перавагу простых, дасціпных і разумных сялян над сваімі ворагамі. У яго былі запісаны казкі “Партупей-прапаршчык”, “Пра святога Паўла”. Творчасць гэтага чалавека садзейнічала захаванню і развіццю казачнай традыцыі. У Пятра Восіпавіча былі і паслядоўнікі, сярод якіх сын Пётр. Аднак Пётр Пятровіч не лічыў сябе казачнікам, і ўсё ж бацькавы казкі ведаў добра. Да тэкстаў ставіўся ашчадна, апавяданне вёў грунтоўна, з захаваннем паўтора. Запісаная ад яго казка “Пра Вадавона Аўдонавіча і Аўдона Вадавонавіча” апублікавана ў томе “Казкі ў сучасных запісах”.
Казка Гулевічаў вытрымана ў лепшых фальклорных традыцыях і ўяўляе сапраўдную каштоўнасць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика