Працоўная дынастыя чачэрскіх медыкаў

Любоў да прафесіі, як вядома, прывіваецца яшчэ ў школе. А іншым разам штуршком да выбару спецыяльнасці становіцца нехта з блізкіх, будучае вызначаецца па пераемнасці пакаленняў.
Так, напрыклад, сталася і з Алінай Новікавай. Яна доўга думала, меркавала кім быць, па якой дарозе лёсу пакрочыць. І вырашыла стаць медыцынскім работнікам, як яе маці. Наталля Жгун у гэтым годзе адзначыла два дзясяткі гадоў працы ў галіне аховы здароўя. Пасля заканчэння медвучылішча яна прыйшла ў радзільнае аддзяленне раённай бальніцы, дзе ўвесь час прымала роды і была першай, чые рукі з пяшчотай і любоўю краналіся немаўляці. Колькім хлопчыкам і дзяўчынкам давялося даць добры старт у жыццё, не злічыць. Здаралася вызваліць ад цяжарнасці да пяці парадзіх за змену. Хоць і цяжка, прызнаецца жанчына, затое хутка набіралася вопыту і акушэрскага спрыту (зараз яна працуе медыцынскай сястрой гінекалагічнага аддзялення). А цяпер вось і яе дачка можа з поўным правам назваць сябе майстрам сваёй справы. Аліна атрымала спецыяльную медыцынскую адукацыю ў гомельскім каледжы, а потым скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Сама папрасілася па размеркаванні на Чачэршчыну і была прынята на работу фельчарам па прыёму выклікаў аддзялення хуткай дапамогі. Працоўныя здольнасці і бездакорная служба па ахове здароўя насельніцтва пасадзейнічалі яе прафесійнаму росту – пяць гадоў Аліна працуе ў выязной брыгадзе. Спачатку было і страшнавата, і трывожна, прызнаецца мая суразмоўца. Пры кожным тэлефонным званку сэрца білася часцей і злёгку дрыжэлі пальцы. Гэта і не дзіўна – у тваіх жа руках здароўе і жыццё чалавека. Але потым прывыкла і не адзін раз вяртала амаль з таго свету хворых. Неяк па дарозе ў бальніцу двойчы заводзіла сэрца мужчыну. А колькі такіх цяжкіх выпадкаў здаралася ў яе практыцы! Галоўнае – не разгубіцца, умець правільна адрэагаваць на сітуацыю, прымяніць дакладную медыцынскую тактыку і веды. І для гэтага неабходна мець цвёрды характар, светлую галаву, вытрымку, раўнавагу і ўпэўненасць. Аліна Новікава валодае ўсімі гэтымі якасцямі, яна адна з лепшых у калектыве, яе прозвішча было занесена на Дошку гонару райбальніцы. З 1 верасня Аліна Аляксандраўна выконвае абавязкі старэйшага фельчара, годна вытрымала экзамены і атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю. Яна кожны дзень на рабоце, кожную хвіліну стаіць на варце добрага стану насельніцтва. А дома, між іншым, яе чакае сынок Ягорка. Хлопчык вучыцца ў СШ №2 і мае выдатныя адзнакі, стараецца не засмуціць, не пакрыўдзіць матулю дрэннымі паводзінамі і слабымі пазнаннямі прадметаў. І пакуль яна на дзяжурстве, дапамагаюць з урокамі, пакормяць і прыгалубяць любага ўнучыка бабулі.
… Вось зазвінеў тэлефон. Новы трывожны выклік. Схапіўшы жоўты чамаданчык, старэйшы фельчар хуценька выбегла з пакоя – яе чакаюць пацыенты, зноў камусьці спатрэбілася тэрміновая медыцынская дапамога.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика