Па партызанскіх сцежках прайшлі чачэрскія краязнаўцы

У рамках работы раённага краязнаўчага аб’яднання «ЧАК» на месцы базіравання 1-й Гомельскай партызанскай брыгады ў пасёлку Яміцкім адбыўся патрыятычны сход-спартакіяда сярод ветэранаў працы і школьнікаў.

DSCN7719Мэтай дадзенага мерапрыемства была прапаганда дзейнасці краязнаўцаў Чачэршчыны, папаўненне радоў грамадскай суполкі гісторыкаў-аматараў, выхаванне ў моладзі пачуцця любові да Беларусі і сваёй малой радзімы. На летняе спаборніцтва-гульню сабралася шэсць каманд, у тым ліку з Палескай, Нісімкавіцкай, Сідаравіцкай, Залескай і Бабіцкай устаноў адукацыі. Для рабят аксакалы-краяведы Аляксей Маркоўскі, Мікалай Лагойкін і Мікалай Куцакоў арганізавалі экскурс у мінулае, паведаўшы некаторыя важныя факты баявых дзеянняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, правялі вусны ўрок на тэму падзей 1941-1945-х і па гісторыі краю. Праз конкурсна-забаўляльную імпрэзу старэйшыя сябры паказалі школьнікам, як у свой час бавіліся іх бацькі, якім чынам праводзілі вольны час. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў іспыце на хуткасць збіралі «міны», лавілі «нямецкіх дыверсантаў», капітаны каманд правяралі спрыт у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.  Настаяцель палескага храма Мікалая Цудатворцы айцец Мікалай прадэманстраваў правілы гульні ў гарадкі. Набегаўшыся, усе пакаштавалі запечанай на кастры салдацкай бульбы. У ходзе сустрэчы у фонды партызанскіх зямлянак «ЧАКаўцы» і педагогі перадалі інфармацыйныя матэрыялы і прадметы эпохі вайны. Старшыня краязнаўчага аб’яднання Пётр Несцяровіч узнагародзіў удзельнікаў падзячнымі лістамі і кнігай «Чачэршчына, нам дадзеная лёсам», асабліва адзначыўшы высокую падрыхтоўку канкурсантаў з Сідаравіч і Палесся. На завяршэнне дзеці разам з настаўнікамі і бацькамі наведалі нісімкавіцкі археалагічны комплекс, які ўключае гарадзішча, могільнікі і селішчы, дзе Аляксандр Ганчароў расказаў вучням пра родавыя пахаванні радзімічаў. Напрыканцы дня адбылося ўскладанне вянкоў і кветак да помніка братоў Лізюковых у Нісімкавічах.
Ініцыятары сустрэчы дзячаць старшыні раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Наталлі Шаўцовай за спонсарскую дапамогу, а таксама райкаму БРСМ, адміністрацыі цэнтральнай бібліятэкі і старшыні Нісімкавіцкага сельвыканкама Жане Малінавай за падтрымку і паразуменне.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

DSCN7740DSCN7789DSCN7723

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика