Уважлівы і ветлівы касір

— А дзешавейшае малако ўжо разабралі, — як бы вінавата гаворыць Алена Сівакова. — Толькі па чатыры тысячы засталося. Тварагу таксама няма.
– Ды я не за малаком…
Такія звыклыя дыялогі можна пачуць ля касы ў харчовым магазіне №1 райцэнтра. І гэта ўважлівасць і занепакоенасць касіра, яе заклапочанасць быццам мёдам кладзецца на душу пакупніку. Колькі раз на дзень бываеш у гэтым магазіне, а ветлівае абслугоўванне гэтай жанчыны прыносіць толькі задавальненне.
Прадавец са стажам – можна сказаць пра Алену. Амаль 18 гадоў яна аддала працы ў гандлі. Па заканчэнні Полацкага кааператыўнага вучылішча, якое, дарэчы, у свой час закончыла і яе маці, некалькі гадоў набіралася вопыту ў вясковых магазінах, а потым пачала абслугоўваць гарадскіх пакупнікоў. І ў якой бы гандлёвай кропцы ні працавала, яе заўсёды вызначалі тактоўнасць, прынцыповасць, ветлівасць. За многія гады яна набыла вопыт і спрыт у рабоце, павагу ў людзей. Хутка абслугоўвае пакупніка, адкажа на яго запытанне, ведае цану амаль на кожны тавар. І ніколькі не крыўдзіцца, застаецца тактоўнай, нават калі нехта з пакупнікоў нярвуецца: даходліва растлумачыць, і чалавек спакойна пакідае гандлёвую кропку.
– Прыходзіцца часам і сумкі правяраць, – кажа Алена Аляксееўна. – Здаецца, людзі ўсе добрасумленныя, але кожнаму давяраць нельга. Бывае, што і крадуць. Я па выразе твару ўжо магу вызначыць, сумленны прыйшоў пакупнік, ці не. Работу сваю люблю, ды і іншай сабе не ўяўляю, – з усмешкай заўважае Алена.
Працаваць яна можа ў любым аддзеле магазіна, а зараз на касе. Тут неабходна ўважлівасць і яшчэ раз уважлівасць. Цяжка прыходзіцца: цэлы дзень з грашыма, таму не мае права памыляцца.
Загадчыца магазіна Святлана Булкіна характарызуе прадаўца толькі станоўча. Такіх вопытных работнікаў прылаўка тут цэняць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика