Зацікавіць творчасцю чачэрскіх вяскоўцаў

Захаванне традыцыйнай спадчыны, арганізацыя вольнага часу насельніцтва, розных забаўляльных праграм і цікавых заняткаў – у залескім кінаканцэртным цэнтры шмат накірункаў дзейнасці. 

IMG_4232

 

Дырэктар установы Наталля Лукомская імкнецца не згубіць духоўны скарб продкаў, а для гэтага разам з калектывам далучае да розных відаў мастацтва дзяцей і моладзь, падтрымлівае таленавітых мясцовых майстроў. Да актыўнага культработніка спяшаюцца жыхары аграгарадка, а нядаўна старанні Наталлі Віктараўны былі адзначаны Падзякай Міністэрства культуры. Узнагароду яна атрымала за шматгадовую творчую працу, высокі прафесіяналізм.
ККЦ славіцца Музеем яйка, у якім сабраны сімвалы Вялікадня. Экспанаты зроблены ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, навучыцца якім можна на майстар-класах. Ва ўстанове таксама дзейнічае шэраг аб’яднанняў па інтарэсах для дзяцей і дарослых. З дапамогай вопытных кіраўнікоў гурткоў раскрываюцца акцёрскія, вакальныя, рукадзельныя і іншыя здольнасці.
Гасцінна запрашае Наталля Віктараўна ў беларускую хатку. У пакоі створана атмасфера мінулага. Драўляная мэбля, ткацкі станок, вопратка, рушнікі, дываны нашых бабуль – усё гэта пераносіць у часы продкаў. Нагадвае пра подзвіг залясчан і ўсяго народа ваенны музей, у якім можна пабачыць узнагароды перыяду Вялікай Айчыннай, салдацкую форму, зброю. Матэрыялы знаёмяць з лёсам Героя Савецкага Саюза Мікіты Круглікава. Дарэчы, падтрымліваецца сувязь з яго пляменнікам, які жыве ў Гомелі.
Дзейнасць кінаканцэртнага цэнтра ахоплівае розныя сферы жыцця. Вяскоўцы не сумуюць у вольны час, а наведваюць клуб. Варта дадаць, што наладжана супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі культуры. Нядаўна прыязджалі артысты з Нароўлі. Дарослых запрасілі на канцэрт, а дзеці ўволю напрыгаліся на батутах. Насычаная праграма зарадзіла добрым настроем. У творчым калектыве яшчэ шмат цікавых разнастайных задумак.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика