Талент радуе і здзіўляе

Тое, што засажэўская зямля нараджае шчодрых, працавітых і адораных людзей, кожны раз пацвярджаецца цвёрдымі аргументамі.
Болсун Мм

Сям’ю Болсун з аграгарадка Палессе добра ведаюць не толькі аднавяскоўцы. У 2011 годзе Алена, Міхаіл і іх дочкі прымалі ўдзел у маладзёжным сельскагаспадарчым праекце «Уладар сяла» і неаднаразова траплялі ў сродак масавай інфармацыі. Апошні час на старонках «Чачэрскага весніка» ўсё часцей сустракаецца імя малодшай Ірыны – то і справа яна «іскрыць» у артыкулах, як удзельніца і пераможца творчых конкурсаў і фестываляў. Яе вылучае зычны голас і харызма, якія дзяўчынцы перадаліся на генным узроўні ад бацькоў: у юнацтве яе матуля актыўна выступала на школьнай сцэне, а тата і зараз віртуозна валодае гармонікам, які не выпускае з рук змалку. Ледзьве бацька прынёс дадому двухрадку, малы Міхаська тут жа прысеў побач і з цікавасцю назіраў за пераборамі спрытных пальцаў. Ужо тады ў яго абудзілася жаданне навучыцца іграць так жа лоўка і жвава. І калі Уладзімір Міхайлавіч змяняў хромку на губны гармонік, або пачынала «галасіць» яго ласкавая скрыпка, хлопчык хуценька клаў на калені інструмент і спачатку нерашуча, а потым усё смялей і смялей расцягваў мяхі. Цяпер амаль ні адно вулічнае гулянне, сямейная ўрачыстасць не абыходзяцца без яго вясёлых забіяцкіх найгрышаў.
Старэйшая сястра Ірыны – Таццяна – таксама запазычыла частку ад гэтага багатага таленту, яна выдатна малюе і зараз вучыцца ў гомельскім каледжы народных промыслаў. Яшчэ ў радаводзе Болсунаў добрым голасам валодалі бабулі. На вясковых вечарынах, на калгасных сенажацях, за сталом яны заўсёды спявалі народныя песні, прасякнутыя чалавечай мудрасцю і глыбокім жыццёвым сэнсам. Таму і дзяўчынка імкнецца перадаць трапяткія пачуцці свайго сэрца, хваляванні і радасці душы праз мелодыю і гук. У скарбонцы яе перамог шмат грамат, дыпломаў за высокае сцэнічнае майстэрства і тэхніку выканання. Спецыялісты ўскладаюць надзею, што юная салістка яшчэ не аднойчы здзівіць і ўразіць сваім дарам, дасканала авалодае музычна-спеўнымі навыкамі і будзе радаваць слухача арыгінальнсцю рэпертуара, прыгажосцю і сілай тэмбра, абаяльнасцю і дзявочым шармам.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика