На крылах ведаў і не толькі

З тых часоў, як 18-гадовая Марыя Пятроўна Харкунова давала свой першы ўрок у школе № 17 г.Гомеля для 42 (!) вучняў, празвінела столькі званкоў, што і не пералічыш. Зараз настаўніца пачатковых класаў, выдатнік адукацыі, апантаны педагог працуе ў меркулавіцкай школе. Напярэдадні прафесійнага свята пасля заняткаў мы пагутарылі пра школьнае жыццё.

IMG_50321

– Што сёння змянілася ў параўнанні з 80-мі, калі адбыўся Ваш дэбют?
– Мы перажылі шмат рэформ, але асноўная мэта засталася – выхаваць добрага чалавека. Часта наведваю ўрокі калег, прымячаю цікавыя падыходы. Згодна сучасным патрабаванням, імкнемся, калі магчыма, выкарыстоўваць электронныя сродкі. Асабіста мне імпануе метад апераджальнага навучання – спрабую прымяніць яго ў сваім другім класе. Цяжэй стала прывіць дзецям любоў да чытання, але трэба проста работаць, і ўсе праблемы паступова вырашаюцца.
– Акрамя адукацыйнага працэсу, з выхаванцамі Вы займаецеся ў клубе «Крылаты дазор». Цікава даведацца пра гэты накірунак дзейнасці.
– Мы супрацоўнічаем з грамадскім аб’яднаннем «Ахова птушак Бацькаўшчыны» трэці год. Пачыналася ўсё з некалькіх прыхільнікаў, а зараз да нас далучылася амаль уся школа. І трэба адзначыць, што гэта займальна і рэзультатыўна. Школьнікі вучацца шанаваць прыроду, спачуваць маленькім крылатым сябрам, праяўляюць свае здольнасці ў розных конкурсах і мерапрыемствах. Нядаўна мы атрымалі Дыплом за другое месца ў абласной акцыі «Крылы лета», маем і іншыя дасягненні, Падзячны ліст. Неўзабаве будзем прымаць удзел у восеньскіх назіраннях за птушкамі.
– Ведаю, што сярод Вашых сваякоў ёсць калегі. Раскажыце пра іх.
– Свой выбар я зрабіла па прыкладу роднай цёткі Ганны Дзямідаўны Крупенькінай, якая выкладала ў нашым класе. Так раз і назаўсёды вырашыла стаць настаўніцай. Увогуле чатыры стрыечныя сястры, дзве цёткі і дзве пляменніцы таксама працуюць у сферы адукацыі.
– Ці падтрымліваеце нейкія зносіны з выпускнікамі.
– Так. Іх лёсы мяне вельмі турбуюць. Ганаруся, калі аднавяскоўцы дасягаюць поспехаў. Прыемна назваць прозвішча Юліі Захарчук, якая зараз навучаецца ў аспірантуры Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Увогуле здольных дзетак шмат, і за іх жыццёвыя і прафесійныя перамогі заўсёды радуецца сэрца.
– Педагогам цяжка знайсці вольны час, але ўсё ж такі запытаю, чым захапляецеся?
– Мы ўсёй сям’ёй вельмі любім падарожнічаць. Наведвалі Гальшанскі замак, Тураў, Ляскавічы, Брэсцкую крэпасць і іншыя славутыя месцы. Прывыклі да актыўнага ладу жыцця, заўсёды хочацца культурна развіцца і даведвацца нешта новае. Кожная паездка пакідае шмат прыемных уражанняў.
– Якія пачуцці выклікае Дзень настаўніка? Ці ёсць у вашай школе традыцыі, прымеркаваныя да свята?
– Штогод арганізуецца так званы дзень самакіравання. Вучні старэйшых класаў праводзяць урокі, а мы можам крыху адпачыць. Вось у мінулым годзе мне на падмену прыйшла былая вучаніца, пяцікласніца, і выдатна справілася з абавязкамі. А пасля быў канцэрт. Сёлета крыху адступім ад традыцыі, бо патэнцыяльныя настаўнікі на адпачынку, а ўрачыстае мерапрыемства абавязкова адбудзецца.
– Дзякуй за размову. Шчыра віншую з надыходзячым святам. Жадаю далейшых поспехаў, добрага настрою і ўсяго найлепшага.
Гутарку вяла
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика