Каралева палёў скараецца Сяргею Мінянкову

Восень. У школах шумна, у кватэрах зябка, на двары мокра, а ў полі па-ранейшаму горача – пад нож самаходных агрэгатаў падатліва кладуцца сцеблы каралевы палёў.
На ўборцы кукурузы на сілас сёння лідыруюць аграрыі сельгаспрадпрыемства «Отар». Наперадзе на магутным «Ягуар-870» вопытны механізатар Сяргей Мінянкоў, якому пад сілу і зябліва падняць, і зжаць калоссе, і выйсці на «зялёны ток». Кукуруза вырасла такая, што ў шаўковым моры сакавітай расліны тэхніка хаваецца нават «з галавой». Такі рост – заслуга агранамічнай службы і, канешне ж, вынік правільнага вядзення карты палёў. Нібы мурашы, снуюць туды-сюды шустрыя «Беларусы» і машыны-цяжкавагавікі. Дарэчы, што тычыць МАЗаў, то гэта толькі на першы погляд яны такія магутныя. На кукурузнай пожні ў мокрае надвор’е самазвалы каўзаюцца, нібы па слізкім лёдзе, прабуксоўваюць і значна ўступаюць у хуткасці і цяглавай сіле трактарам. Так што нашы МТЗ – самыя спрытныя і вынослівыя.
Роўненька коціцца па краі злакавай культуры старанны «Ягуар». Следам за ім па свежай каляіне шныраюць вёрткія ластаўкі, вышукваючы на зямлі жоўтую бубку, ці якую-небудзь казяўку. Уволю нахапаўшыся ежы, адлятаюць на адпачынак. А назаўтра разам з механізатарамі – зноў да кукурузных пачаткаў.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.