Свежы водар скошаных траў

IMG_9979Лета. Навокал зялёны прастор. Здалёк даносіцца водар толькі што скошанай травы, а па полю туды-сюды снуюць буслы. Нібы пільныя аграномы, якія даглядаюць сваю маёмасць, птушкі ў чырвоных ботах шукаюць здабычу. Кожнаму аграрыю гэта карціна знаёмая да болю. Паўтараецца яна штогод падчас нарыхтоўкі кармоў. Вось і я ў чарговы раз застыла ў замілаванні, назіраючы, як механізатары ААТ «Звязда» выконваюць свае абавязкі. Мой працоўны тыдзень пачаўся з рэпартажа ў гэтай гаспадарцы, а ў ёй і выхадных не было, бо ў гарачую пару не да іх.

Панядзелак. Цікаўлюся ў намесніка дырэктара сельгаспрадпрыемства Сяргея Трыбунаха пра справы ў гэты адказны перыяд. Сяргей Васільевіч прапаноўвае не проста паслухаць, а на свае вочы пабачыць, што зараз робіцца там, у полі. Тут жа накіроўваемся на зялёнае жніво. Зараз актыўна закладваюць ямку – ужо другую. Гэта адведзена пад сянаж, а ў першай на зіму назапашаны сілас. Рыхтавалі яго з азімых культур – сурэпіцу разам з жытам паклалі ў аснову будучага сакавітага корму.
Сваю маленькую вандроўку пачынаем з першага пункта канвеера. Наперадзе, як і належыць, ідуць касілкі. Дуэт Міхаіла Сувалава і Аляксандра Каплунова ў «Звяздзе» адзін з прызнаных. Ужо некалькі год запар, як Аляксандр прыйшоў у гаспадарку, яны спрацаваліся з Міхаілам Уладзіміравічам. Разам не толькі косяць, а яшчэ аруць вясной і восенню. Старэйшаму напарніку хутка на заслужаны адпачынак, а значыць, застанецца годная змена. Характарыстыка ж кіраўніцтва ў адрас механізатараў кароткая, але глыбокая. «Нам бы яшчэ пяцёра-шасцёра такіх работнікаў, і клопату б не мелі», – з гонарам адзначае Сяргей Васільевіч. А хлопцы толькі на пару хвілін кідаюць справу, згаджаюцца хуценька сфатаграфавацца і тут жа вяртаюцца ў родненькія «Беларусы» з прычэпленымі да іх трохмятровымі касілкамі.
Метраў праз сто ці дзвесце крыху падвяленую траву збіваюць у валкі Сяргей Міхалкоўскі і Станіслаў Фомчанка. Тут таксама атрымаўся ўдалы тандэм маладога і больш сталага трактарыстаў. Сяргей Фёдаравіч носіць за плячыма ўжо значны вопыт, а Станіслаў толькі трэці год у сельгаспрадпрыемстве, другі сезон запар праводзіць лета на трактары з граблямі. У хлопцаў свая спецыфіка работы. Ім ні ў якім разе нельга згрэбсці мокрую траву. Спачатку з яе павінна выйсці лішняя вільгаць. Толькі калі са скручанага снапка зеляніны ўжо не прасочваецца вадкасць, масу можна смела класці на сянаж. Менавіта гэтым і займаюцца на наступным участку.
За рулём «Ягуара» Мікалай Баброў. З цяжкасцю атрымліваецца ўгаварыць яго на фотаздымак. Сціплы механізатар доўга не згаджаецца пазіраваць, але з абавязкамі спраўляецца ўдала. Толькі і паспяваюць трактары з пімамі ездзіць ад поля да сянажнай ямкі. А на трамбоўцы яе задзейнічаны Сяргей Куркоў. Для яго гэта таксама звыклая справа, практыкуецца ў ёй з году ў год.
Падчас нарыхтоўкі кармоў у гаспадарцы дзейнічае адпрацаваная сістэма. Стараюцца своечасова скасіць траву, падвяліць яе і хуценька затрамбаваць у ямцы, каб надвор’е не пераблытала ўсе планы. Таму неабходна працаваць кампактна па праверанай схеме: спачатку адно поле трэба скасіць і прыбраць, і толькі потым пераязджаць на наступнае. Гэта дазваляе больш аператыўна спраўляцца з пастаўленымі на дзень задачамі і мець парадак у справах. Ды і абеды так прасцей развозіць.
А пакуль з аднаго боку моцная каманда задзейнічана на зялёным жніве, з другога ідзе клопат пра новы ўраджай. На полі, дзе ўжо прыбралі азімыя культуры, Мікалай Гулевіч высявае адналетку. Малады механізатар стараецца з усіх сіл, бо разумее каштоўнасць кожнай хвіліны. Нельга прапусціць аптымальны агранамічны тэрмін для ўнясення зярнят у зямлю. І галоўнае, каб намаганні прыйшліся дарэчы і надвор’е паспрыяла, тады ўжо ў другой палове лета можна будзе выкарыстаць свежы пачастунак на падкормку жывёле.
Хапае клопатаў і ў мехмайстэрні. Там зараз рыхтуюцца да наступнай гарачай пары. Некаторыя зернеўборачныя камбайны ўжо гатовы выйсці ў поле, але з іншымі яшчэ трэба папрацаваць. Аднак запчасткі прывезены, адказныя за тэхніку механізатары актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку стальных наземных караблёў.
Колазварот не дае часу на паслабленні, бо на ўліку кожная хвіліна. Праўда, намеснік дырэктара гаспадаркі прызнаецца, што ў гэтым годзе разлічваюць хоць на невялікі, але перапынак паміж нарыхтоўкай кармоў і пачаткам зернеўборачнага сезона. Дзеля гэтага імкнуцца граматна арганізаваць работу зараз.
Пачатак лета – адзін з самых прыемных і ў той жа час складаных перыядаў у сельскай гаспадарцы. Менавіта ў гэты сезон закладваецца аснова рацыёну жывёлы на будучы стойлавы перыяд. Пакуль у ААТ «Звязда» ў пытанні нарыхтоўкі кармоў парадак. Праўда, у гэтым годзе трава не надта радуе ўраджайнасцю. Аднак надвор’е наладжваецца, а таму застаецца надзея на другі ўкос. Усяго ж у гаспадарцы трэба нарыхтаваць 9450 тон сянажу, 1650 тон сена і 25946 тон сіласу. А ўдалы пачатак для назапашвання кожнага з пералічаных відаў грубага і сакавітага кармоў ужо пакладзены.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика