У Залессі народ фестываліў

Шумам, музыкай і смехам дзяцей напоўнілася паветра аграгарадка Залессе на мінулым тыдні – у чарговы раз чачэрская зямля сустракала пасхальны фестываль. 

Ужо ад парога каля будынка кінаканцэртнага цэнтра воку прысутных прадсталі экспазіцыі свята: выставы вялікодных яек, прадметы пасхальнай тэматыкі, вышыўка, вырабы з саломкі і г.д. Але больш яскравае відовішча разгарнулася ў фае культурнай установы. Тут табе і карцінная галерэя, і казачнае дрэва з сімвалічнымі пісанкамі, і рукатворныя кошыкі, выцінанкі, вазачкі і многае іншае. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы экспанатаў прынялі залескія культработнікі і педагогі, цэнтральная раённая бібліятэка, гісторыка-этнаграфічны музей, бабіцкая, меркулавіцкая, палеская і нісімкавіцкая клубныя ўстановы, цэнтр рамёстваў, этнаграфіі і фальклору і інш., а таксама добра спрацавалі калектывы СШ №2 і гімназіі горада, за што аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама выказвае вялікую падзяку. Напачатку фэсту святарамі чачэрскага і палескага храмаў была праведзена боская літургія, затым адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці, у якім прынялі ўдзел выхаванцы Уваскрэснай школы, а на вуліцы для малых і падлеткаў прапанаваліся вясёлыя забавы, уключаючы гульні пасхальнай накіраванасці. Асобныя рабяты ўпершыню гулялі ў біткі, каталі яйкі і даведваліся пра семантыку беларускага свята. Майстар-класы па ўпрыгожванню каляровых сімвалаў дня рознымі відамі тэхнікі дэманстрыраваліся ў асобным пакоі, жадаючыя маглі набыць царкоўныя прыналежнасці і манастырскі хлеб. На масавае ігрышча завітала і італьянская дэлегацыя, госці паціснулі рукі сябрам-чачаранам, зрабілі фотаздымкі на памяць.
Некалькі гадзін фестываліў народ у Залессі. Агульнае народнае хрысціянскае свята аб’яднала разам некалькі пакаленняў, і кожны з прысутных атрымаў не толькі зарад станоўчых эмоцый, але і дадатковыя веды пра Вялікдзень і яго традыцыйныя звычаі. Да наступнай сустрэчы ў 2018-м!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика