ХТО РАНА ПРАЧЫНАЕЦЦА – ПРАЦЫ НЕ ЦУРАЕЦЦА

Муж і жонка Гарбачовы цудоўныя гаспадары не толькі на сваім двары. Ганна Анатольеўна выдатна спраўляецца з абавязкамі загадчыцы фермы. Пад яе наглядам і амаль мацярынскім цёплым крылом на МТФ “Отар” знаходзяцца 50 чалавек і 2300 галоў жывёлы. Для людзей яна – аўтарытэтны начальнік, дарадца і памочнік, а для рагатых “падначаленых” – добры і надзейны даглядчык. Таму і дасягненні на ферме неблагія. За студзень па 10 літраў на карову надойвалі. Прывагі ж склалі каля 650 грамаў. Невыпадкова Ганна Анатольеўна па выніках мінулага года прызнана “Лепшым спецыялістам сельскагаспадарчай вытворчасці 2008 года”. Кіраўніцтва гаспадаркі адрасуе Г.А. Гарбачовай толькі добрыя водгукі. Сама ж жанчына расказвае, што на пасаду загадчыцы фермы змяніла працу ў магазіне. “І не ведаю, ад чаго такая любоў да гэтай справы. Адчуваю, што маё гэта, роднае. Жывёлу вельмі люблю, не ўяўляю цяпер жыцця без сваіх цялушак, бычкоў, кароў”. З задавальненнем спяшаецца наша гераіня на ферму раніцай а палове шостай, да гэтага часу свая таксама немаленькая гаспадарка дагледжана. Прыходзіцца, каб усё паспяваць, уставаць а чацвёртай гадзіне, але гэта не засмучае добрую гаспадыню. На пытанне: як атрымліваецца ўсё паспяваць і дома, і на працы, удзяляць увагу блізкім людзям і калегам, з аптымізмам адказвае, што, калі дня не хапае, заўсёды ў запасе ёсць ноч. А родныя людзі з разуменнем ставяцца да абавязкаў матулі і гаспадыні. Муж Мікалай Васільевіч таксама працуе ў ПСУП “Отар” ужо трыццаць гадоў. У паслужным спісе ў асноўным шафёрскія абавязкі. За гэты час быў вадзіцелем грузавога аўтамабіля, малакавоза, зараз – аўтобуса. А летам яшчэ і машыністам зернесушыльнага комплексу працаваў. У гэтай справе ў мінулым сезоне быў прызнаны лепшым. “Толькі стараннем дасягаў такіх вынікаў. Нічога спецыяльна для поспеху не рабіў, проста сумленна выконваў абавязкі. Сваю каманду сам “збіраў” і сам дадому дастаўляў, – жартуе Мікалай Васільевіч. – Як змену адпрацуем – усіх у аўтобус і па дамах развожу. А раніцай – наадварот”. Працавітасць М.В. Гарбачова, як і яго жонкі, адчуваецца ва ўсім. “Свая гаспадарка патрэбная. Не ўяўляем сябе гарадскімі жыхарамі: што ў вёсцы можна на агародзе і двары вырасціць, у горадзе прыходзіцца купляць. Ды і самі клопаты па гаспадарцы пакуль толькі радасць прыносяць, дабытае ўласнымі рукамі смачней есці”, – прызнаюцца людзі працы.
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика