На Чачэршчыне прайшло Купалле
Адшукаць сваю зорку шчасця, стаць уладальнікам ведаў схованак падземных скарбаў, знайсці доўгачаканае каханне і ачысціцца ад болю, заганы і ўсіх грахоў жадаючыя прыйшлі да гарадскога амфітэатра ў мінулую сераду на святкаванне старажытнага народнага гуляння – Купалле, якое гуло і шумела на беразе ракі Чачора.
Нездарма кажуць, што купальская ноч мае асаблівую, хвалюючую і эмацыянальна насычаную атмасферу, а ўсе расліны і нават халодная раса нясуць у сабе гаючую энергетыку, якая выратоўвае ад хвароб і дае сілу. Таму неабходна на світанку абавязкова пакачацца па траве, або даць нырца ў вадаёме. Вада, агонь і паветра наскрозь пранізаны таямнічым духам і магіяй, лес становіцца прадметам містыкі і загадкавасці, бо лічыцца, што апоўначы зацвітае папараць-кветка. Чачаране хоць і не да канца вераць ва ўсе гэтыя дзівацтвы, але ж ідуць да вогнішча, купаюцца ў рацэ і пускаюць па Чачоры вяночкі, як сімвал цнатлівасці, з надзеяй, што хутка знойдзецца адзіны сужаны і любы. Музыка, скокі, жарты абрадавых персанажаў і чалавечыя спадзяванні перапляліся ў адзінае цэлае, ствараючы эйфарыю моманту, пачуццё ўзнёсласці, казкі, настрою і душэўнай радасці.
Як заўсёды асалоду сэрцу і прыемныя хвіліны адпачынку ўсім прысутным прынеслі культработнікі і аматары музыкальна-песеннай творчасці.
Але моцны дождж і навальніца на гэты раз переблыталі планы – прыйшлося скончыць свята датэрмінова.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
