Хлебнае царства Піліпаўны

Хлебозав., японцы, 1986г.1Старажылы Чачэршчыны добра памятаюць смак хрумсткай салодкай скарынкі духмянага жытняга хлеба за 14 капеек, які выпякаўся на былым мясцовым хлебазаводзе. Пра тыя дні з настальгіяй і болем успамінаюць былыя пекары і кандытары. Чачаранка Валянціна Піліпаўна Буланава ўздыхае: шкада, які гарачы і кіпучы быў час! Каму-каму, а ёй больш за ўсіх вядома і пра клопат чачэрскіх булачнікаў, і пра радасці працоўных перамог.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя жыхароў раёна забяспечваў хлебам стары аб’ект прамысловасці, плюс міні-пякарні ў Рудні-Барталамееўцы і Нісімкавічах. Але патрэбы ў прадукце кожнага дня ўзрасталі, і ў 1986 годзе адчыніў дзверы новы хлебазавод. Узначаліў новабудоўлю дырэктар Валерый Аляксандравіч Вініцкі, штат складаў каля 100 чалавек. Па словах Валянціны Піліпаўны, вытворчы працэс ажыццяўлялі тры прамысловыя печы: аўтаматызаваная, ручная і для выпечкі батонаў. Ужо праз два месяцы на ваганетках размяшчалася па 39 тон пухных боханаў у суткі, што складала 700 грамаў на душу насельніцтва пры плане 400. Прадукцыя дастаўлялася як на прылаўкі магазінаў Чачэршчыны, так і для рэалізацыі пакупнікам суседніх Кармянскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў. Асаблівасцю дадзенага прадпрыемства спажывецкага тавару было тое, што тут, дзякуючы высокай адказнасці і дысцыплінаванасці калектыва, да самага апошняга дня захавалася форма работы па бястарнаму, бункернаму захаванню мукі. Працавалі ў тры змены, круглыя суткі гулі маторы, круціліся цестамясільныя агрэгаты, ішла пагрузка свежых «кірпічыкаў» на калёсны транспарт. А хутка загарэліся варачныя пліты і запыхцелі духавыя камеры кандытарскага цэха, адкуль выпускаліся дробнаштучныя булачкі для школьнікаў і пунктаў грамадскага харчавання. Мелася пры заводзе і ўласная цяпліца, у якой аграном Рыгор Кузьміч Буланаў вырошчваў пахучыя агуркі «Залаты пеўнік», памідоры, цыбулю і іншую зеляніну.
Бадай, мацней за ўсіх разам з кіраўніцтвам хвалявалася і радавалася за дзейнасць прадпрыемства Валянціна Буланава. З 1969 года яна сачыла за ходам якаснага выпуску прадукцыі. Ад майстра-пекара па службовай лесвіцы «дарасла» да галоўнага інжынера, начальніка вытворчасці. Усе арганізатарскія клопаты па забеспячэнні сыравінай і неабходнымі інгрэдыентамі прайшлі праз яе рукі і сэрца. Кожнай дробязі працоўнага тэмпу надавалася ўвага, а на першым плане заставаўся чалавек, яго старанні і згуртаванасць. Колькі выказана добрых слоў перадавікам галіны, праведзена цікавых вечарын і ўрачыстых мерапрыемстваў!
Аднак хлебнаму буму неўзабаве прыйшоў канец. Пасля масавага адсялення людзей у чыстыя зоны колькасць насельніцтва рэзка скарацілася. Зразумела, попыт на хлебабулачную прадукцыю таксама панізіўся. У сувязі з памяншэннем магутнасці выпуска гатовай прадукцыі парушылася і тэхналогія прыгатавання, што паўплывала на якасць тавара. Да таго ж хлебазавод працаваў на вадкім паліве, у той час, калі ў горадзе ўжо адбывалася масавая газіфікацыя. І летам 2003 года яго печы чачэрскага хлебазавода патухлі. Толькі старыя фотаздымкі напамінаюць пра бурнае жыццё і шчаслівыя будні віртуозаў хлебнай
справы.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика