Класіка на тэатральных падмостках

IMG_2254Штогод пад агульным дэвізам «Тэатр як сродак узаемапаразумення і ўмацавання міру паміж народамі» адзначаецца Сусветны дзень тэатра. На гэты раз дата не проста ўрачыстая, а яшчэ і юбілейная – вось ужо 55 гадоў служыцелі Мельпамены, сцэнарысты і рэжысёры афіцыйна ўшаноўваюць святасць сапраўднага драматычнага майстэрства.
Хоць гэта дата тычыцца непасрэдна прафесіяналаў сваёй справы, акцёры невялікай трупы графскага тэатра горада Чачэрска да яе таксама маюць дачыненне. Што ні кажы, а вось ужо шосты год, як ідэя заснавальніка ўнікальнага брэнда Чачэршчыны Мікалая Макарцова вяртае нас у віртуальную рэальнасць мінулых стагоддзяў, у дзіўны і таямнічы свет тэатральнага мастацтва. Чачэрскія артысты паказалі аўдыторыі дзве свае работы – урыўкі з камедый Аляксандра Сумарокава «Раганосец па ўяўленню» і Дзяніса Фанвізіна «Недалетак». Цяпер калектыў працуе над новай пастаноўкай паводле п’есы Андрэя Макаёнка «Трыбунал». Як праходзіць падрыхтоўка спектакля, расказвае выконваючая абавязкі рэжысёра Вольга Ігнаценка:
Улічваючы, што ўсе ўдзельнікі графскага тэатра людзі розных прафесій, са сваім асаблівым складам характару, уласным менталітэтам, то і працаваць з такім творчым саставам даволі складана. Ні я, ні самі акцёры не маем дастатковай практыкі ў драматургіі, а навыкі рэжысуры спазнаём у працэсе рэпетыцый. Зараз мы збіраемся па два разы на тыдзень, а ў маі плануем сустракацца тройчы. Наша мэта не здзівіць галоўнага крытыка – гледача – пэўным сюжэтам і выканаўчым майстэрствам, а хоць бы не расчараваць у спадзяваннях, парадаваць добрай ігрой і крануць душу глыбінёй сюжэта. Пра тое клапоціцца кожны з нас, бо быць у складзе такога эксклюзіўнага калектыву вельмі адказна і пачэсна. Мы імкнёмся адпавядаць гэтаму высокаму статусу, шліфуем акцёрскія навыкі, незважаючы нават на ўласны час і нейкія хатнія справы. Напрыклад, Таццяна Дварэцкая ахвяруе выдзеленыя ёй дні адпачынку па догляду за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў і спяшаецца на прагон мізансцэн. Хацелася б выходзіць на публіку часцей, але шмат часу забірае падрыхтоўка і фізічнае несупадзенне магчымасцяў членаў трупы з жадаемым: то нехта ў камандзіроўцы, хтосьці ў адпачынку, ці хварэе. Даводзіцца пераносіць дату спектакля, браць летнія канікулы, таму што сабрацца ўсім разам бывае нерэальна. А пакуль перажываем творчае зацішша, я займаюся самаадукацыяй, адсочваю тэатральныя пастаноўкі па тэлебачанні, іду на прагляд заезджых гастралёраў, а будучы на калінінградскай зямлі, прыняла майстар-клас ад расійскіх калег.
Так, вельмі няпроста на падставе толькі духоўнага запалу і энтузіязму выдаць на-гара захапляльнае выступленне, паказаць прыцягальную інтрыгу калектыўнай працы. Тут яшчэ патрэбна шырокая практыка і тонкае пачуццё тэатрала. І пакуль артысты ўжываюцца ў ролі, прадумваюць кожнае слова, жэст, міміку і крок на сцэне, прыхільнікі іх таленту трапятліва чакаюць, калі ж адкрыецца завеса новай відовішчнай, выразнай, эмацыянальна насычанай буфанады. Меркавана, ужо напрыканцы мая мы станем апладыраваць чачэрскім зоркам, якія прадстануць перад намі ў некалькі новым для іх амплуа.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика