Пад крыламі белага бусла

аНа Чачэршчыне фінішыраваў абласны арніталагічны фестываль «Пад крыламі белага бусла».
У Беларусі з 1998 года існуе грамадская арганізацыя «Ахова птушак бацькаўшчыны», якая ажыццяўляе дзейнасць па вывучэнню і захаванню братоў нашых меншых. У мінулым годзе пры яе падтрымцы ўстановай адукацыі «Гомельскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі» была арганізавана прыродаахоўная акцыя «Белы бусел». Вучні і настаўнікі прынялі ўдзел у практычнай даследчай дзейнасці, праявілі талент у літаратурным, мастацкім, педагагічным і фотаконкурсах. Усяго на суд журы прадстаўлена 350 работ па пяці намінацыях. У мінулую суботу больш за 100 гасцей з Веткі, Добруша, Лельчыц, Хойнікаў, Жлобіна, Кармы, Гомеля прыехалі на Чачэршчыну для ўзнагароджвання і падвядзення вынікаў. Атрымалі заслужаныя дыпломы і чачэрскія вучні: у намінацыі «Навукова-даследчая» вызначыліся Іван і Юлія Пазняковы, Міхаіл Шкурапацкі з сідаравіцкай школы. Асобна была адзначана літаратурная здольнасць выхаванкі раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Крысціны Васільевай – яе эсэ пра чалавечы клопат аб крылатых выклікала шквал пачуццяў і эмоцый. А дзіцячаму клубу «Крылаты дазор» з Меркулавіч, якім другі год кіруе настаўніца пачатковых класаў Марыя Харкунова, быў падараваны бінокль, адзін з шасці прэзентаваных па рэспубліцы для назірання за птушкамі. Для прысутных спявалі артысты вакальнай студыі «Інсайт» Палаца культуры «Фестывальны» г.Гомеля, узорнай вакальнай эстраднай студыі «Дзеці сонца» і дзяўчынкі з гурта «Кураж».
Але галоўная частка дзеі – ушанаванне пераможцаў. На сцэну для віншавання падымаліся намеснік старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Лагойкіна, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ніна Аўсейцава, дацэнт кафедры экалогіі, кандыдат біялагічных навук Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Аляксандр Кусянкоў, спецыяліст ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сямён Левы і дырэктар Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Ранько. У сваім выступленні Алена Анатольеўна адзначыла цёплы прыём чачаран, гасціннасць гаспадароў і яркі паказ гурткоўцамі СШ №1 масленічнага абраду беларусаў. Па гусце і да месца аказаліся смачныя блінцы ды аладкі, прыгатаваныя для пачастунку работнікамі гарадскіх дашкольных устаноў адукацыі. Відовішчна і цікава прайшлі пазнавальныя экскурсіі, выстава работ удзельнікаў акцыі, а на майстар-класах можна было асабіста папрактыкавацца ў спрытнасці рук па вырабу папяровага сімвала нашай краіны – белага бусла і інш.
– Прыемна і вельмі прэстыжна, што менавіта Чачэршчына стала месцам апафеоза маштабнага фестывалю, – адзначыў напрыканцы мерапрыемства Пётр Несцяровіч. – Нам даводзілася праводзіць шмат рэспубліканскіх свят і абласных фэстаў, а такое сустракалі ўпершыню. Думаю, гэта стане яшчэ адным штуршком для таго, каб прыцягнуць увагу насельніцтва да ідэі захавання біялагічнай разнастайнасці, далучыць дзяцей і дарослых да агульнай справы па ахове прыроды і папулярызацыі школьных клубаў, што дзейнічаюць пад патранажам грамадскай арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны». Навакольны свет трэба любіць і аберагаць.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика