Ёсць у маці чаму павучыцца

IMG_2220Жанчына – сімвал чысціні і дабрыні. Яна гаспадыня і дарадчык, маці і лепшая сяброўка, самы блізкі чалавек для дзіцяці і самы надзейны дапаможца для мужа. Але сучасныя прадстаўніцы прыгожай паловы гэтымі якасцямі не абмяжоўваюцца. Яны здольны не толькі ствараць надвор’е ў доме, але і зарабляць на яго грошы. Пры гэтым іх праца нярэдка заслогоўвае асаблівай адзнакі. У прыклад таму лепшыя па прафесіі жанчыны, занесеныя на раённую Дошку гонару. Сярод іх Таццяна Хімянкова.
Увесь працоўны шлях Таццяны Анатольеўны ў Беларусі праходзіць праз нялёгкія будні ў Нісімкавіцкай бальніцы сястрынскага догляду. Некалі ўраджэнка суседняй Украіны выйшла замуж за нашага земляка, маладая сям’я пераехала ў Нісімкавічы. Тут медыцынская сястра хутка працаўладкавалася, ужо 17 гадоў аддала любімай справе. Не паверылася, калі субяседніца прызналася, што на заслужаным адпачынку, але працягвае працоўны стаж. Напэўна, любімая работа маладзіць. Зараз жанчына старэйшая медсястра. З прызначэннем на гэты пост клопату стала больш, адказнасць павысілася, але і зараз добразычлівы чалавек знаходзіць час на тое, каб пагаварыць з бабулямі і дзядулямі, падарыць ім сваю шчодрую ўсмешку і парадаваць добрым настроем.
– Заўсёды адчуваеш адказнасць за тых, пра каго клапоцішся. Самае прыемнае ў працы – магчымасць паразмаўляць са старымі. Яны могуць паведаць шмат цікавага і карыснага, падзяліцца вопытам і расказаць пра лёс, – прызнаецца Таццяна Анатольеўна.
Кожны чалавек – планета. І чым большая ў яе гісторыя, тым мацней яна зацягвае. Ды і несці на гэту планету трэба толькі пазітыў, упэўнена суразмоўца.
Шлях да тытулу «Лепшы па прафесіі» ў Таццяны Хімянковай быў планамерны: пачыналася з Падзячнага ліста і Ганаровай граматы ад кіраўніцтва райбальніцы. Затым падчас свята перадавікоў даводзілася падымацца на сцэну за каштоўным падарункам ад арганізацыі. А ў гэтым годзе фотаздымак жанчыны будзе ўпрыгожваць спецыяльную сцяну насупраць райвыканкама.
Сціплая суразмоўца просіць шмат пра яе не пісаць. Але сорамна напярэдадні 8 Сакавіка казаць пра жанчыну старанную і пры гэтым умоўчваць яе іншыя якасці. Таццяна Анатольеўна не толькі добры медык, але найперш цудоўная маці і гаспадыня. Яна выгадавала дзвюх прыгажунь-дачок, а пять год таму іх жаночую гвардыю папоўніла прадстаўніца трэццяга калена – у старэйшай Наталлі таксама нарадзілася дзяўчынка. Зараз маладая маці працуе настаўніцай у родная вёсцы. У суседнім Палескім сельсавеце выконвае абавязкі старшыні Таццяна Крупенькіна – другая дачка з роду Хімянковых. Разам з прыгажосцю маці передала сваім дзяўчынам адданасць справе. Магчыма, раённая Дошка гонару яшчэ неаднаразова папоўніцца добрасумленнымі і прыгожымі «Лепшымі па прафесіі».
Наталля СУВАЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика