За жыццё добрае і здароўе моцнае…

IMG_1453З даўніх часоў зіма на Беларусі з’яўлялася сезонам вяселля, калі маладыя ішлі ў шлюб і стваралі сямейны саюз. Каб ён быў моцным і шчаслівым, нашы продкі праводзілі шэраг магічных рытуалаў. Зыходным пунктам гэтай дзеі былі заручыны. Пра адметнасць абраду, які праводзілі ў вёсцы Бабічы, сёння наш аповяд.
Звычайна ў сваты прыходзілі бацькі хлопца, яго хросныя. Прыносілі хлеб-соль са словамі: «Па-першае, вечар добры ў хату. А па-другое, ёсць у вас тавар, а ў нас купец, у вас дзяўчына, а ў нас хлапец. Задумаў наш Васіль ці волею ўзяць, ці сілай адабраць у вас сахар-малінку, Ганначку-дзяўчынку». А гаспадары ў адказ: «Мы ваш хлеб бяром, а вас за стол завём». За сталом пачынаецца торг, дзе кожны хваліць свайго дзіцяці. Потым сват кажа: «Дам я сто рублёў і бочку пшаніцы. Аддавай жа, маці, не цаніся, прыбаўлю на спадніцу». Пасля згоды рукі маладых кладуць адна на адну і накідваюць рушнік са словамі:
Дай, Божа, у добры час!
Дай, Божа, – кажуць прысутныя.
На вясёлае жыццё.
Дай, Божа!
На добрае здароўе.
Дай, Божа!
IMG_1464Затым маці маладой адорвае сваточкаў падарункамі: «Ой, людзячкі, памылку я зрабіла. Трэба было хросную дараваць, яна майго зяця на руках трымала». А тая адказвае: «На руках трымала, зараз і падарунак атрымала. Дзякуй тваёй дачцэ, што ночы не спала, прала ды ткала, нас даравала». Маладая цалуецца са свякрухай і свёкрам, радняцца. З гэтага дня Васіля і Ганну звалі заручонымі.
Адметнай рысай абраду з’яўляецца торг дзявочай касы. Брат маладой падыходзіў да сястры і пытаў у гасцей: «Каму патрэбна каса, дзявочая краса, магу прадаць. А калі непратрэбная, то зараз адрэжу яе». Ішоў выкуп грашыма.
Яшчэ адна важная акалічнасць мясцовых заручын – адорванне жытам. Хросная перадавала Ганначцы абгорнутую ільняной анучай і перавязаную чырвонай стужкай бутэльку з зернем: «Трымай, Ганначка, гэту бутэльку. Хай яна стаіць за абразамі да самага вяселля. Туды я насыпала жыта, каб нашым маладым было добрае жытка».
Падчас сватання спявалі бабіцкія тараторкі:
Ці не быў ты ў тым канцы,
Ці не піў ты віно ў карцы.
Ці не бачыў ты дзіковінку:
Сядзіць курыца на комінку.
Напрыканцы вечара радня вызначала дзень вяселля. Гаспадары перадавалі сватам хлеб у дарогу.
Абрад «Елка» праводзіўся за дзень да вяселля: раніцай нявеста з сяброўкамі ішла ў лес, выбірала невялікую елку, ставіла ў ступу або ў булку хлеба. Хвою ўпрыгожвалі каляровымі стужкамі і кветкамі, наверх рабіўся крыжык. Маці брала ікону і бласлаўляла зялёную прыгажуню на добрае жыццё маладых. Потым яе выкупляў сват, магічнае дрэва закручвалі абрусам і клалі на печ у хаце нявесты. А калі яе везлі да жаніха, забіралі разам з пасагам. Абрус жа сведка маладой кідала на дах хаты: калі затрымаецца – яшчэ не хутка выйдзе замуж, а ўпадзе – чакай наступнага вяселля.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика