Чачэрская «лятаючая эскадрылля» прызямлілася ў Карме

Трэці раз Кармяншчыну скалыхнула свята запалу, смеху, маладосці і здароўя – спартландыя «На старт!» паміж работнікамі цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гомельскай вобласці.
Настроеная на перамогу, узброіўшыся рэквізітам і неабходнай атрыбутыкай, чачэрская каманда з баявым азартам накіравалася ў шлях і выйшла на стартавую пляцоўку. А вось і першы конкурс-візітка. Нашы дзяўчаты, як і належыць «Лятаючай эскадрыллі», выляцелі да мікрафонаў на бярозавых мётлах, крылах настрою і станоўчых эмоцыях. Адрапартаваўшы членам судзейскай калегіі мэту свайго прыезду, паказаўшы сябе ва ўсім харастве і шыку, узмахнулі па шкале балаў адразу аж на трэцяе месца з 11 магчымых. Увесь час, пакуль ішла гульня, яны цвёрда трымаліся гэтай планкі, не ўступаючы сапернікам ні ў хуткасці, ні ў спрыце, ні ў жаданні ўздыму на спартыўны алімп. На нейкі час чачаране выбіліся наперад, заняўшы другое месца ў хатнім заданні па падрыхтоўцы блюда здаровай кухні. Іх штурман-капітан Таццяна Беднарская сама імкнулася наперад і ўпэўнена вяла за сабой каманду. Пры кіданні дроцікаў, скоках у даўжыню і стомятроўцы група прывабных і імпрэзных прыгажунь з Чачэрска з нецярпеннем чакала завяршэння конкурсу, бо так хацелася прывезці дадому прызавое месца. І для гэтага была падстава, таму што нашы прэтэндэнты на трыумфальны фінал былі і самымі яркімі, і самымі вясёлымі, і самымі дружнымі.
Але перамагчы на гэты раз не ўдалося, усяго некалькі балаў не хапіла дзяўчатам да бронзавай перамогі – яны сталі чацвёртымі. І ўсё ж такі «Лятаючая эскадрылля» лепшая, бо не згубіла аптымізму і пазітыўных эмоцый. Як адзначыла старшыня Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Марына Бондар, быць спартыўным – гэта модна, а тым больш зарэкамендаваць сябе як высокаразвітую асобу ў Год моладзі, 70-годдзя Вялікай Перамогі і падчас выбараў Прэзідэнта краіны.
Я ўдзячна дзяўчатам за іх неабыякавасць і жаданне стаць першымі, – сказала дырэктар Чачэрскага ТЦСАН Аляксандра Бацанава. – У трэці раз яны вынеслі гэты іспыт, і ўсе разы я суправаджала іх, падтрымлівала і верыла. Хай нам і не зусім пашанцавала, але яшчэ больш прайгралі тыя, хто наогул праігнараваў і адмовіўся ад спаборніцтва. А мы ўжо моцныя тым, што нас з’ядналі разам і гэты старт, і гэты фініш, і нават гэта лёгкае расчараванне. У сацработніка не можа быць абыякавасці, і дзяўчаты пацвердзілі тое сваімі парывамі, прагай славы і першанства. Такія яны ў мяне і ў працы, бо ідуць да людзей і ім дапамагаюць.
Крыху пасумаваўшы, чачаране падхапілі свае мётлы-самалёты і ўзялі курс назад з песнямі і поўнай упэўненасцю, што ў наступны раз абавязкова будуць лідарамі. А калі і не, то не бяда, бо галоўнае ж – удзел.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика