ЧАЧЭРСКІ ГРАФСКІ ТЭАТР ПАЛАНІЎ РАСІЯН

музей3З творчай паездкі ў Калінінград вярнуліся ўдзельнікі аматарскага клуба «Графскі тэатр у Чачэрску».
Самадзейных гастралёраў запрасілі прыняць удзел у V адкрытым фестывалі аматарскіх тэатраў «Жылі-былі». Сярод 26 калектываў Беларусь прадстаўлялі чачаране. Хваляванні і спадзяванні артыстаў сцэны зашкальвалі, а вынікі выступлення здзівілі прыемнай нечаканасцю: у намінацыі «Тэатральная мініяцюра» сярод васьмі каманд-удзельніц «Графскі тэатр» атрымаў Дыплом ІІІ ступені за пастаноўку «Раганосец па ўяўленню», дыплом за лепшую жаночую ролю, якую выканала Вольга Ігнаценка, аналагічнай узнагароды за касцюмы да спектакля ўдастоена кіраўнік клуба па інтарэсах, дырэктар музея Алена Новікава.
Мы нават не чакалі такога трыумфу, – дзеліцца ўражаннямі Алена Уладзіміраўна. – Нам давялося спаборнічаць з майстравітымі акцёрамі, а судзейская калегія складалася з вопытных і строгіх спецыялістаў тэатральнага мастацтва. Прыйшлося выслухаць слушную крытыку, але добрых слоў было больш. Журы адзначыла незвычайна каларытную гаворку і вымаўленне артыстаў, паланілі сцэнічныя вобразы і абаяльнасць. Адну пастаноўку мы паказалі непасрэдна ў Калініградзе, а потым выступілі перад гледачамі горада-пабраціма Палеска. Немагчыма перадаць нашы эмоцыі і ўнутраны напал, здаецца, пабывалі ў казцы.
музей2Гэта сапраўды так, – пагаджаецца начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ю.Басаргіна. – Такое пачуццё, што пяць цудоўных дзён мы правялі ў іншым вымярэнні. Трэба адзначыць незвычайна цёплы прыём дэлегацый фестывалю, душэўную шчодрасць і бязмерную ветлівасць адміністрацыі, гледачоў і ўсіх калінінградцаў. Безумоўна, мы перажылі і пэўны, так скажам, стрэс, бо паказаць сябе на такім высокім узроўні і адказна, і пачэсна. І мы годна вытрымалі экзамен. Да таго ж чачаране востра адчулі, што беларусы і расіяне пабрацімы не толькі на паперы: ужо адно тое, што першыя асобы гарадоў і муніцыпальных раёнаў увесь час суправаджалі нас, дарагога варта. Вядома ж, нам арганізавалі запамінальныя экскурсіі. Такімі сталі наведванне старой нямецкай школы, музею бурштыну, магілы Канта, рыцарскага замка Шаакен з яго падваламі эпохі інквіцізыі і Вальдаў са скульптурамі з розных парод дрэў, прысутнічалі на адкрыцці паркавага сезону і інш. Літаральна выклікала шок школа будучага ў Палеску на 1500 месцаў, дзе наўкол камп’ютары, а перасоўванне дзяцей фіксуецца, і нават інфармацыя прыходу вучня ў бібліятэку аўтаматычна перадаецца на мабільны тэлефон бацькоў. Адным словам, усяго не раскажаш. І, аналізуючы ўбачанае, я прыйшла да высновы, што, каб сфарміраваць свой брэнд, і, наогул, у галіне культуры, выпадковых людзей быць не павінна. І не трэба выдумляць штосьці асаблівае, бо ўсё арыгінальнае проста. Неабходна толькі яго знайсці, адшліфаваць і даць рэкламу. Напрыклад, у Гур’еўску зрабілі манумент ахвярам усіх войнаў, дзе перапахавалі загінуўшых і ўсталявалі стэлу. Сімвалічна, грандыёзна і вельмі патрыятычна. Скажу так: мы на калінінградскай зямлі былі не чужыя, прывезлі багаж уражанняў і творчых задум, набылі новых сяброў. А галоўнае, для нашых артыстаў гэта тэатральнае турнэ стала штуршком і імпульсам для далейшага майстэрскага і прафесійнага росту. Хачу шчыра падзякаваць дырэктару ААТ «Отар» Таццяне Аляксееўне Струк, бо, каб не яе спонсарская дапамога, гэта плаванне ў свет неверагоднага і цікавага было б немагчымым.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика