Чачэрскія сустрэчы

ТIMG_1122радыцыйная сустрэча чачаран з творчымі калектывамі нацыянальнага акадэмічнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга на працягу мінулай пятніцы захліснула прыгажосцю музыкі і шчырасцю ўсмешак.

«Добры дзень, шаноўныя сябры! – вітала слухачоў у гарадской ратушы доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава. – Прыемна бачыць нашых даўніх прыхільнікаў і моладзь». Дарэчы, на канцэрце прысутнічалі пераважна выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў, для якіх карысна пачуць высокае майстэрства выканання класічных твораў Мікалая Аладава, Яўгена Глебава, Дзмітрыя Смольскага і іншых кампазітараў. Была магчымасць пагутарыць з прафесарам Уладзімірам Скараходавым. «Якія вы шчаслівыя! – усміхаўся музыкант і асветнік. – Таму што з дзяцінства можаце дакранацца да інструмента. У маёй вёсцы я чуў толькі песні маці, не ведаў нотнай граматы, але вельмі хацеў паступіць у музычнае вучылішча. І вось мара здзейснілася. Потым была кансерваторыя, праца ў аркестры і шмат цікавых падзей. Каб раскрыць талент, трэба прыкладваць намаганні». Уладзімір Паўлавіч нагадаў, што бягучы год абвешчаны ЮНЕСКА годам Міхала Клеафаса Агінскага з нагоды яго 250-годдзя, і творы знакамітага беларуса таксама гучалі ў зале ратушы. На развітанее госць параіў больш увагі надаваць музіцыраванню ў ансамблі і зрабіў падарунак дырэктару ДШМ Васілю Білашову. Кнігі дапамогуць выкладчыкам арганізаваць заняткі з вучнямі.
Гала-канцэрт у ККЦ «Акцябр» «Петр Чайкоўскі і музычны свет Беларусі» сабраў больш шырокую аўдыторыю. На сустрэчу завіталі школьнікі і гімназісты. У выкананні ансамбляў флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў, струннага квартэта гучалі знаёмыя ўрыўкі з балета «Шчаўкунок», камарынская, а таксама малавядомыя складаныя творы. Асэнсаваць іх глыбіню прапанавалі музыканты.
«Песні добрага настрою» прыйшлі паслухаць у раённы Дом культуры прадстаўнікі працоўных калектываў. «Сёняшні канцэрт мы прысвяцілі творчасці Алы Пугачовай, – звярнуўся да чачаран Міхаіл Фінберг. – Гэта вельмі таленавіты чалавек, сябар аркестра, мой сябар». Адкрыла вечар Алеся Дзержавец з кампазіцыяй «Куда уходит детство». У адказ – апладысменты і кветкі. У суправаджэнні аркестра ўзнімалі настрой таксама Наталля Тамэла, Аляксандр Салаўёў, Руслан Мусвідас, ПРЫМА-ВЕРА Яўген Цымбаліст і іншыя. Асабліва чакалі слухачы Юрыя Вашчука. Запал ТЭО падхапіла зала, а ён прызнаўся, што вельмі прыемна выходзіць на чачэрскую сцэну, бачыць у ліку слухачоў прыгожых жанчын і дзяўчынак. Напрыканцы руку маэстра Міхаіла Фінберга паціснуў старшыня райвыканкама Уладзімір Краўчанка і падзякаваў за прыемныя ўражанні.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика