СЭРЦАМ ДАКРАНУЛІСЯ ДА “ДАЛОНЯЎ ЦЁПЛЫХ ЗЯМЛІ”

Літаратурна-мастацкі салон “Сустрэча на Замкавай”, які працуе пры Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцына, на мінулым тыдні сабраў у адной са сваіх утульных залаў паэтаў Гомельшчыны. Адбылася прэзентацыя калектыўнага паэтычнага зборніка “Далоні цёплыя зямлі”, які прысвечаны 850-годдзю Чачэрска. Аўтары гэтага сваеасаблівага паэтычнага помніка — ураджэнцы і жыхары старажытнага горада. Дарэчы, гэта першы зборнік, у які ўвайшлі вершы не толькі ўжо вядомых паэтаў, але і адзінаццаці пачынаючых літаратараў школьнага ўзросту. Ідэя стварэння раней небывалай для Чачэршчыны кнігі ўзнікла ў прафесара БелДУТа Леаніда Адамавіча Сасноўскага і члена Саюза пісьменнікаў Міхася Болсуна. Абодва родам з жывапіснай вёсачкі Палессе, мабыць, гэта і аб’яднала іх у творчы саюз. На прэзентацыі маленькага стварэння ў рознакаляровай вокладцы прысутнічалі паэтэсы Чачэршчыны Эма Усціновіч, Галіна Карповіч, гомельскія паэты і празаікі, галоўны рэдактар газеты “Гомельскія ведамасці” Мікола Дзямчыхін, члены Саюза пісьменнікаў Ганна Атрошчанка, Барыс Кавалерчык, драматург Васіль Ткачоў, іншая творчая інтэлегенцыя Гомеля і пачынаючыя аўтары са школы “Маладога літаратара”, якой кіруе зараз Ніна Шклярава. А непасрэдна па старонках зборніка ўсіх прысутных правяла ветлівая гаспадыня салону Наталля Малашанка, шчыра выказаўшы словы падзякі яго стваральнікам. Яна заўважыла, што лягчэй выдаць індывідуальны зборнік, чым калектыўны, але ж у творчых людзей – землякоў першая спроба сабраць публікацыі аўтараў рознага ўзросту атрымалася, як кажуць, на вышыні. Яны ж у сваю чаргу прызналіся, што гэта праца была прыемнай, а Леаніду Адамавічу прынесла яшчэ і асаблівае эстэтычнае задавальненне. Інакш здарыцца і не магло. Пасудзіце самі. Крыху раней, калі гэту кнігу вершаў прэзентавалі ў раённым цэнтры, у зале цэнтральнай бібліятэкі Л. Сасноўскі пазнаў аднаго з маладых аўтараў. Падсеў да падлетка і запытаўся, ці пісаў ён раней лірычныя творы. Хлопчык адказаў, што было такое, нават класны кіраўнік адпраўляла іх для ўдзелу ў конкурсе. Але да гэтага моманту ён не ведаў, што тыя вершы былі адабраны для прэзентуемага зборніка. Калі Леанід Адамавіч адкрыў старонку, дзе надрукаваны твор школьніка, на юным твары пранёсся віхар хлапчуковых і ў той жа час дарослых пачуццяў. Тым больш, што нягледзячы на юны ўзрост у гэтага хлапчука ўжо ціха, спакойна і сардэчна звініць рыфма. Мабыць, выхад у свет гэтага зборніка і стане штуршком для раскрыцця таленту моладзі. Хіба ж гэта не прыемна?!
Шмат слоў удзячнасці за выпуск зборніка выказалі і іншыя паэты, падкрэслілі, што выхад кнігі — гэта вялікая падзея ў творчым свеце не толькі для чачаран, але і для ўсёй Гомельшчыны. Ідэя добрая, і пажадана, каб яна знайшла працяг у іншых раёнах вобласці. Нават сэрца празаіка кранулі прыгожыя словы паэзіі. Асобныя госці салона з нагоды сустрэчы і знаёмства са зборнікам “Далоні цёплыя зямлі” прыгадалі сваю маладосць, багаты чачэрскі край, хлеб, які раней выпякалі ў Чырвоным Беразе. І нездарма, таму што працоўную дзейнасць многія з іх пачыналі мінавіта на чачэрскай зямлі. Заключным творчым акордам прэзентацыі сталі вершы, што меладычна ліліся з вуснаў духоўна багатых людзей.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика