У ВЫТОКАЎ СТВАРЭННЯ ЧАЧЭРСКАГА МУЗЕЯ

Ходанович Валя.Архіўныя фонды гісторыка-этнаграфічнага музея налічваюць амаль дваццаць тысяч экспанатаў. Сёння сховішчы гэтай культурнай установы папаўняюцца штотыднёва, а пачыналася збіральніцтва рэчаў і прадметаў побыту з самага малага.
У аснове стварэння музея стаіць першаадкрывальніца і наватар Яўгенія Антонаўна Шыпенка. Па яе ініцыятыве былі арганізаваны паездкі па выселеных вёсках і кватэрах чачаран з мэтай набыцця экспанатаў. Правай рукой тагачаснага дырэктара і верным памочнікам з’яўлялася былы галоўны захавальнік В.Хадановіч.
– Я перад гэтым працавала ў аддзеле пераапрацоўкі літаратуры раённай цэнтральнай бібліятэкі, – расказвае Валянціна Іванаўна. – Памятаю, аднойчы да нас прыйшла Яўгенія Антонаўна, паглядзела ў мой бок і кажа: «Вось гэта дзяўчына будзе ў мяне працаваць. Пойдзеш у музей?». Я пагадзілася. Спачатку стацыянарнага памяшкання ў нас не было і фонды размяшчаліся ў адным з пакояў на чацвёртым паверсе райвыканкама. Пэўны час я «кватаравала» ў сучасным будынку падатковай інспекцыі і ў сонечнае надвор’е прасушвала андаракі і рушнікі прама на плоце. Самым запамінальным момантам маёй работы з Я.Шыпенка былі нашы паходы ад хаты да хаты: цэлымі днямі выпрошвалі ў насельніцтва то дзежку, то сукенку, то ікону, то манеты. У выселенай зоне лазілі на гарышчы, спускаліся ў скляпы і падвалы, збівалі павуцінне па хлявах і клецях, жартліва называючы сябе «чорнымі капальнікамі». Адным словам, бочкі, кадкі, старыя прасы на вуглях і іншае хатняе начынне – усё, што пакінулі пры адсяленні людзі, мы забіралі, праводзілі вопіс і ставілі на архіўны ўлік. За асобныя рэчы Яўгенія Антонаўна плаціла невялікія грошы, часта са сваёй кішэні. Дарэчы, у гэтых кішэнях яна насіла таблеткі і цукеркі для старых бабуль, а кавалачак хлеба – бяздомным сабакам. Адным словам, гэта быў карпатлівы і руцінны працэс, бо кожную рэч трэба потым пачысціць, бялізну памыць і высушыць. Таму нават з прыходам дадому клопаты мітуслівага дня не заканчваліся. Але, ведаеце, працавалася з душой. Наогул, ісці плячо ў плячо з Яўгеніяй Антонаўнай было лёгка. Многія не разумелі яе выбухнога характару, а мяне яна чамусьці любіла як родную дачку і ва ўсім са мной раілася, дзялілася сваім болем і сумненнямі. Вельмі ранімая, крыху крыўдлівая, яна разам з тым доўга не трымала ў сэрцы нанесеную ёй абразу ці кінутае знянацку благое слова, умела выбачаць і быць чалавечнай.
Поруч з Я.А.Шыпенка галоўны захавальнік займалася падрыхтоўкай і апрацоўкай інфармацыі да першага тома кнігі «Памяць. Чачэрскі раён». Тут таксама давялося і запісваць успаміны відавочцаў, і вышукваць лісты з фронту, і вымольваць у блізкіх памерлых ветэранаў вайны фотаздымкі, баявыя ўзнагароды і пасведчанні да іх.
– Ганаруся тым, што прайшла гэту школу працоўнай загартоўкі, – шчыра прызнаецца Валянціна Іванаўна. – Па-іншаму з Яўгеніяй Антонаўнай нельга было: яна сама аддавалася любімай справе з галавой, таго ж патрабавала і ад сваіх падначаленых. Дзякуючы такому прыкладу самаахвяравання сфарміраваўся і мой працоўны дух. За чатыры гады, праведзеныя і пражытыя ў архівах, сярод шматлікіх экспанатаў, я склалася як асоба, як чалавек, як спецыяліст. Музею ўжо 25… Як хутка бяжыць час. Здаецца, усё было толькі ўчора…
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика