“КАБІНЕТНАЯ РАБОТА – ГЭТА НЕ ПА МНЕ”

Хоць даўно даказана, што стан нашага здароўя залежыць аж напалову ад ладу жыцця, але часта бывае даволі няпроста цалкам пераканаць у гэтым чалавека. А тым больш прымусіць яго надзвычай уважліва ставіцца да свайго здароўя. Аб гэтым не па чутках ведае ўрач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Іван Макіша. Малады спецыяліст, ураджэнец г. Гомеля, толькі пяць месяцаў займае згаданую пасаду, але і такога стажу, як аказваецца, часам дастаткова, каб заслужыць павагу ў калектыве і станоўчы водгук кіраўніка. На выбар будучай прафесіі тады яшчэ юнака аказалі ўплыў і бацькі, і знаёмства з дзейнасцю ўрача-бактэрыёлага. Але канчатковае рашэнне прымаў самастойна. Таму яшчэ ў школе наш сённяшні герой ведаў, што далейшы шлях будзе звязаны з медыцынай, але прафесія ўрача-лячэбніка не надта прываблівала ў асноўным з-за таго, што большую частку працоўнага дня той праводзіць у кабінеце, дзеліцца сваімі разважаннямі Іван Сяргеевіч. У выніку на шляху да атрымання будучай прафесіі было навучанне ў Гомельскім медыцынскім вучылішчы, пасля якога памочнік урача-эпідэміёлага паступіў у Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт на медыка-прафілактычны факультэт. Затым стажыроўка ў абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і размеркаванне ў Чачэрск. “Зараз, працуючы ўрачом-эпідэміёлагам, і на разнастайных аб’ектах бываць даводзіцца, і прафілактычныя размовы праводзіць, і аналіз інфекцыйных захворванняў рабіць, і кантроль за лячэбна-прафілактычнымі ўстановамі здзяйсняць. Карацей кажучы, на адным месцы доўга затрымлівацца не прыходзіцца, таму разнастайная цікавая праца цалкам задавальняе, – прызнаецца Іван Сяргеевіч.
А акрамя таго ёсць у яго і цікавае хобі – заняткі альпенізмам. У маладога чалавека трэці разрад па гэтаму віду спорта. А летні адпачынак традыцыйна прысвечаны паездкам на Каўказ, дзе скалалазнай практыкі хоць адбаўляй.
Як бачаце, энергічны, актыўны, ініцыятыўны – дастаткова прывабныя якасці для пачынаючага ўрача. Ці не так?

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика