СПЯВАЙ, ГУЧЫ, ЗАЛЕСКІ ХОР!

IMG_2531На вялікую ўрачыстасць з нагоды святкавання юбілейнай даты з дня заснавання Залескага народнага хору сабраліся аматары музычнай творчасці, артысты і госці.

Здаецца, толькі-толькі адгучалі святочныя фанфары ў час мінулай гадавіны, і вось ужо чарговы 80-ы дзень нараджэння гэтага ўнікальнага славутага калектыву. Ці ведала яго творца і заснавальніца Настасся Надтачэева, што пасля прапановы ў далёкім 1935 годзе арганізаваць свой мастацкі гурт у в.Залессе яна аўтаматычна стала стваральнікам крыніцы духоўнага багацця і вытокам шэдэўра культурнай спадчыны. Песня да песні – і вось ужо складзены шырокі песенны рэпертуар мясцовых народных твораў, рускіх і беларускіх аўтараў. Аздобілі хор каларытам голасу і манерай выканаўчага майстэрства Еўдакія Кашчэева, Лідзія Бяляева, Ганна Карпенка, Еўдакія Чэпікава, Еўдакія Круглікава, Людміла Кот, Еўдакія Маслава і інш., а дуэт у складзе Еўдакіі Бабкуновай і Еўдакіі Загорцавай стаў жамчужынай творчага складу спевакоў.

Добрым словам успаміналі на юбілейнай вечарыне кіраўнікоў хору Рамана Гейфмана, Ігара Затрымайлава, Івана Курашова, Аляксандра Курдзюмава. А прымаў гарачыя віншаванні  прысутных цяперашні «атаман» і вось ужо 24 гады нязменны песенны правадыр Міхаіл Фіясь. Як і належыць на падобным фэсце, не абышлося без падарункаў і ўзнагарод. Міхаіл Уладзіміравіч адзначаны  Ганаровай граматай райвыканкама. Прыемна здзівіў віноўнікаў урачыстасці сюрпрыз ад кіраўнікоў ААТ «Звязда» і «Отар»: сертыфікат на суму 20 мільёнаў рублёў перададзены з рук Галіны Трыбунах і Ігара Ганчарова для набыцця канцэртнага абутку ўдзельнікам хору. Таксама ў сувязі з 80-годдзем  заснавання і 50-годдзем прысваення звання «народны» паціснулі далоні артыстам хору і ўручылі юбілярам граматы адпаведных ступеняў і лісты падзякі дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Мікалай Шамшэня і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Басаргіна.

На свяце песні без песні аніяк, таму свае музычныя віншаванні гледачам прадставілі народны калектыў «Чачэрцы» і калегі з Пухавіцкага раёна – гурт «Рэчанька», дзе ў свой час працаваў Раман Гейфман. А вялікі каравай са свечкамі замкнуў кола канцэртных  дзей на святочнай сцэне. Жыві, беларуская песня! Спявай, гучы, залескі хор!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика