НА ЧАЧЭРШЧЫНЕ АДБЫЛАСЯ МІЖНАРОДНАЯ ДАБРАЧЫННАЯ ЁЛКА

IMG_9540У адзін з пераднавагодніх дзён у нашым раёне вітала гасцей дзясятая Міжнародная дабрачынная ёлка. Прайшло свята сяброўства 27 снежня на базе ДУА «Бабіцкі яслі-сад – сярэдняя школа».

Сутнасць гэтага мерапрыемства не толькі ў тым, каб чарговы раз падарыць радасць дзецям і ў марозны дзень падзяліцца цеплынёй сваіх сэрцаў. Яшчэ дзеля з’яднання сувязей з суседнімі раёнамі існуе дадзеная традыцыя, дзеля падтрымання міра на зямлі і ў душах падрастаючага пакалення. Таму  чачаране Міжнародную ёлку святкавалі разам з гасцямі з розных рэгіёнаў Гомельшчыны. Сярод іх былі дэлегацыі з Кармянскага, Рагачоўскага, Жлобінскага, Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага раёнаў. Таксама падтрымалі дабрачыннае свята сябры з Краснагорскага раёна Бранскай вобласці Расіі. Раздзяліць святочны настрой сабраліся і пачэсныя госці: старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міра» Ц.Глушакоў, выконваючы абавязкі старшыні Чачэрскага райвыканкама У.Краўчанка.

IMG_9616Найперш госці і арганізатары свята абмяняліся віншаваннямі і падзякамі. Прывезлі падарункі і музычныя нумары. А пакуль рабяты спявалі і танцавалі, за кулісамі адбываліся чароўныя дзеі – акцёры Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мас-тацтваў ператвараліся ў сапраўдных казачных герояў. І хутка перад гледачамі з’явіліся Снегавік, Заяц, Мядзведзь, Чорная Кошка, Чорная Каралева, Сышчык, Марфуша, а затым Снягурка і Дзед Мароз. Разам з дзіўнымі персанажамі дзеці танцавалі, спявалі, вадзілі карагоды, саграваліся, хаваліся і вызвалялі зачарованых герояў. Затым маленькія віноўнікі свята дэманстравалі свае навагоднія касцюмы, атрымлівалі салодкія падарункі і фатаграфаваліся з героямі ўласнай казкі. Свята працягвалася каля трох гадзін, а падалося, што скончылася за дзесяць хвілін. Наўрад ці ў зале засталося хоць адно незапаленае іскрай дабрыні і радасці сэрца.

Але найбольшае замілаванне выклікала тое, што разам з дзецьмі пляскалі ў ладкі, смяяліся ад душы, спявалі і прытанцоўвалі дарослыя. Мы ўсе верым у казку, і на цуд спадзяецца кожны незалежна ад узросту, пасады, сацыяльнага стану і статусу. І хай нейкая мара не збудзецца, але пакуль у нашым жыцці ёсць месца для такой традыцыі, як Міжнародная дабрачынная ёлка, у ім застаецца месца для ўсяго добрага, светлага і мірнага.

 

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика