НА КУТ ЧЫРВОНЫ ПАМАЛІСЯ…

Krasnyiy-ugol-210x300
Сакрэт дабрабыту, ці дзе знаходзіцца галоўнае месца ў хаце.
У нашых продкаў кожная рэч у хаце мела асаблівы сэнс. Стол, печ, лава, парог, куточак – нічога не займала свайго месца выпадкова. Калі сёння ў першую чаргу мы звяртаем увагу на эстэтычны выгляд і зручнасць, то нашыя продкі кіраваліся стагоддзямі ўладкаванымі парадкамі.
Галоўнае месца ў кожнай хаце займаў чырвоны кут, ці покуць. Часта дарога жыцця чалавека параўноўвалася з дарогай да царквы, можа, таму частку храма імкнуліся ўвасобіць у месцы, дзе збіралася і праводзіла час уся сям’я. Лічылася, што менавіта покуць спрыяе не толькі жыццю духоўнаму, але і фізічнаму.
За абразамі захоўвалі шлюбныя свечкі, жменю зямлі з адбіткам стапы хлопца, які пайшоў у войскі, вялікоднае чырвонае яйка, у некаторых мясцінах пад іконамі падвешвалі кашулю немаўляці, каб усёй сям’і спадарожнічалі шчасце і поспех. Самі абразы па традыцыі абгортвалі рушнікамі, якія гафтавала гаспадыня, ці тканымі посцілкамі. Прычым арнамент не выбіралі выпадкова. Найбольш распаўсюджанымі былі крыжы ў рознай мадыфікацыі. На Гомельшчыне часцей за ўсё выкарыстоўвалі ўзор продкаў – перакручаныя краты, падобныя да тых, што малююць пры гульні ў «крыжыкі-нулікі».
Беларусы адносіліся да абразоў з вялікай павагай. Выяву заўсёды атаясамлівалі з самім святым, які назірае за сям’ёй, карае і бласлаўляе – усё залежыць ад ладу жыцця і ўчынкаў жыхароў хаты. Таму, калі ладзілі скокі ці гульні, а тым больш, калі збіраліся варажыць, абразы часта завешвалі – баяліся. Бог, канешне, усё бачыць, аднак нахабна «грашыць» перад вачыма не асмельваліся. А калі ў хаце ўначы пачынаў грукатаць посуд ці дзверы, у чым вінаватым лічылі дамавіка, наадварот, ставілі абразы на стол. Пра выключныя адносіны да абразоў кажа і наступнае. Калі чалавек заходзіў у хату, перш, чым загаварыць з гаспадаром, ён здымаў з галавы шапку ці капялюш, хрысціўся і рабіў паклон.
Сёння, канешне, шмат што змянілася. Абразы ёсць амаль у кожнай хаце, аднак не ўсе да канца ўсведамляюць (маю на ўвазе людзей няверуючых), якую ролю яны выконваюць. Можа, гэта генетычная памяць, а можа, і падсвядомае імкненне да фізічнага і духоўнага дабрабыту. Усё ж такі нашыя бабулі і дзядулі мелі рацыю.
Наталля РЭЧЫЦ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика