НА ХВАЛІ ПАЗІТЫВУ

Марковс
Не сакрэт, што кастрычнік – адзін з напоўненых святамі месяцаў календара. І сцэны клубаў раёна таксама перапаўнялі канцэртныя выступленні і тэматычныя вечарыны. Пра тое, якую радасць і настрой падарылі людзям у тыя восеньскія дні работнікі і артысты Нісімкавіцкага і Бабіцкага дамоў культуры, журналістам расказала былая настаўніца з Нісімкавіч
Надзея Мікалаеўна Батурына:
– Не магу не выказаць сваёй прыхільнасці і вялікай павагі да нашых музыкантаў і культработнікаў. У Дзень пажылога чалавека і Дзень маці яны адарылі нас не толькі добрымі словамі віншаванняў, але і, здаецца, аддалі часцінку свайго сэрца. І яшчэ раз пацвердзілі свой прыродны талент і самабытную творчую геніяльнасць. Акампаніятар народнага фальклорнага калектыву «Весялухі» Пётр Біжуноў у чарговы раз падкрэсліў уласную індывідуальнасць і багацце мастацкіх здольнасцяў. Ён не толькі перадавы работнік гаспадаркі, але і чалавек з зайздросным запалам і невычэрпнай музычнай скарбонкай. Гэтую духоўную каштоўнасць і любоў да народнай творчасці Пётр Сямёнавіч перадае маладому пакаленню, што дакладна паказала выступленне маладых гарманістаў Мікалая Канавалава і Сяргея Марозава. Тых жа якасцяў досыць і ў кіраўніка названага гурта Таццяны Баранавай – яе дар сцэнічнага майстэрства бязмежны. І, канешне ж, асобна хочацца сказаць пра дуэт Аляксея Маркоўскага і Святланы Кірыленка: знешні каларыт і светлая энергетыка спевакоў напаўняюць наша жыццё пазітывам. Не памылюся, калі дам высокую адзнаку па дзесяцібальнай шкале іх тэмпераменту і жыццёваму крэда. Вялікі дзякуй усім артыстам за аптымізм, усмешкі і хвіліны свята, якія яны нясуць людзям.
Разам з тым Надзея Мікалаеўна адзначыла недаравальную абыякавасць насельніцтва: вяскоўцы лянуюцца прайсці некалькі метраў да клуба, іх не адарваць ад хатніх спраў, яны адвыклі праводзіць час разам. Але пасля апошніх сустрэч усё ж такі тыя, хто пабываў на канцэртах, вырашылі закласці падмурак новай традыцыі і раз у месяц сустракацца на мясцовых вячорках «Песні нашай вёскі». Гэтую ідэю выказалі Таццяна Баранава і загадчыца Нісімкавіцкага ЦСДК Тамара Гулевіч. І ўжо 7 лістапада адбудзецца першае пасяджэнне аматарскага аб’яднання. Так што жадаючыя могуць далучыцца да землякоў і пакінуць у летапісе сваёй малой вотчыны мудрую матчыну песню.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ. На фота: на хвалі пазітыву.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика