ЦІХА ПЕСНЯ ГУЧАЛА…

IMG_4336
У раёне з мэтай забеспячэння інфармацыйна-пазнавальнай, сацыяльна-культурнай і іншай зацікаўленасці вясковага насельніцтва, вывучэння і захавання культурна-гістарычнай спадчыны, прапаганды здаровага ладу жыцця і ўвядзення новых форм культурнага абслугоўвання ажыццяўляецца дзейнасць аўтаклуба аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Згодна з графікам выезд у маланаселеныя і аддаленыя населеныя пункты павінен праводзіцца штотыднёва. Выступленні агітбрыгад  праходзяць у полі, на мехдварах і зернетаках падчас жніва і сяўбы, іншых сезонных сельгасработ. На мінулым тыдні аналагічныя міні-канцэрты планавалася правесці ў чатырох вёсках Ленінскага сельсавета: Бердыж, Сярэднія, Старыя і Новыя Малынічы. Аднак парадаваць добрай песняй пенсіянераў не ўдалося. Ужо з раніцы пачаўся арганізатарскі правал: у сувязі са збоем у раскладзе часу больш чым на гадзіну, артысты вымушаны былі праскочыць Сярэднія Малынічы «на аўтапілоце», каб паспець у суседнюю вёску. Паслухаць самадзейны гурт, кінуўшы свае хатнія справы, там сабралося 10 чалавек – усе, хто змог адарвацца ад руціннай справы і адпачыць «на завалінцы» хвіліну-другую. Можа б яны затрымаліся яшчэ крыху, аднак у спевакоў па прычыне адсутнасці мікрафонаў запяршыла ў горле, і пасля пяці песень масавікі-забаўнікі больш не змаглі выцягваць ноты. Дый і салістаў было: загадчыца Ленінскага клуба вясковых сустрэч і спецыяліст гарадскога Дома культуры, якая падтрымала калегу. Не прытрымліваліся культасветнікі і сцэнічнага вобраза, прыехаўшы да людзей без канцэртных касцюмаў і выйшаўшы на імправізаваную авансцэну з жаночымі сумачкамі на локцях, у звычайных працоўных джынсах і абуральна абліпальных ласінах.
– Такога павароту я і сам не чакаў, – прызнаецца загадчык аўтаклуба Дзмітрый Сафонаў. – Хоць і працую на дадзенай пасадзе толькі другі месяц, але заўважу, што мінулыя выезды на вёску праходзілі больш зладжана.
…Сабраўшы музычную апаратуру, артысты-паяцы рушылі дадому, так і не выканаўшы да канца праграму дня. Кажуць, «и на старуху бывает проруха». Тым не менш гэта не апраўданне, калі асветнік культуры не ўмее проста пагаварыць з людзьмі, запытацца пра іх здароўе і жыццё, падабраць адпаведны песенны рэпертуар для пэўнага кантынгента насельніцтва і стварыць для чалавека невялічкае свята ў яго паўсядзённай вясковай мітусне.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика