Тэатральнае гняздо ў Чачэрску

IMG_2070
З сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Беларусі ўзнікае новы від тэатральнага мастацтва – прыгонны тэатр. Такія тэатры ствараліся ў гарадах і маёнтках і з’яўляліся ўласнасцю магнатаў і памешчыкаў. Перадумовай іх хуткага распаўсюджання з’явілася феадальна-памешчыцкая эканоміка. Вялікія зямельныя ўладанні, дзе працавалі бяспраўныя сяляне, прыносілі значныя даходы памешчыкам. Гэта давала  магчымасць наладжваць пышныя забавы, у тым ліку і тэатральныя паказы.

Трупа прыгоннага тэатра ў XVIII  стагоддзі і ў першай палове XIX ст. існавала ў рэзідэнцыі графа З.Р.Чарнышова ў Чачэрску, мела спецыяльнае памяшканні, складалася з прыгонных спевакоў, хору, аркестра і драматычных артыстаў. Часам у спектаклях разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі аматары-дваране.
Буйныя тэатральныя паказы наладжваліся генерал-губернатарам графам З.Р.Чарнышовым у Чачэрску. У 1781 годзе  ён у сваім маёнтку прымаў наследніка трона Паўла I  з вялікай княгіняй. Быў наладжаны  спектакль, у якім разам з прыгоннымі акцёрамі ўдзельнічалі велікасвецкія аматары. У сваіх успамінах Л.М.Энгельгардт так апісваў гэту сустрэчу: «Вялікі князь Павел Пятровіч з вялікай княгіняй праязджаў праз Магілёў у чужыя краі. Бацька мой праводзіў яго праз усю губерню. Граф Захар Рыгоравіч Чарнышоў у Чачэрску, мястэчку, якое належыла яму, пачаставаў вялікага князя цудоўна, быў высакародны тэатр, была дадзена опера «Новае сямейства», для гэтага выпадку напісаная С.К.Вязміцінавым, які быў тады палкоўнікам, а музыка да яе – графскім ад’ютантам панам Фрейліхам; потым французская камедыя Anglomanie; спектакль закончыўся эпілогам, які ігралі дзеці, а напісаў графскі сакратар Фёдар Пятровіч Ключароў. Я і старэйшая сястра мая ігралі ў оперы». Усё гэта свята скончылася запушчанымі ў неба бенгальскімі агнямі. (Энгельгардт Л.Н. Записки. М., 1859. С.26.).
Цудоўны тэатр З.Р.Чарнышова складаўся ў асноўным з рускіх музыкантаў, вывезеных, відаць, з іншых маёнткаў графа. Гэты аркестр быў шырока вядомы пад назвай «чарнышоўскіх музыкантаў».
Навучанне прыгонных акцёрскаму мастацтву і музыцы працягвалася і пазней, калі ўладальніцай Чачэрска стала графіня А.Р.Чарнышова. У 1828 годзе  пасля амаль 40-гадовага перыяду дзейнасці 27 музыкантаў аркестра з сем’ямі  былі прададзены Ганнай Чарнышовай у Санкт-Пецярбургскую    дырэкцыю імператарскіх тэатраў.
У тыя часы купля-продаж прыгонных артыстаў была з’явай звычайнай. Прыгонныя тэатры ў Беларусі існавалі каля стагоддзя. У канцы першай паловы XIX стагоддзя яны спынілі сваю дзейнасць, бо ў перыяд шырокага развіцця гандлёва-прамысловых буржуазных адносін памешчыкі ўжо не мелі дастатковых сродкаў на іх утрыманне. Гэтыя тэатры з’явіліся своеасаблівым мосцікам паміж школьнымі і прафесійнымі тэатрамі і адыгралі немалаважную ролю ў развіцці сцэнічнага мастацтва ў Беларусі. З іх выйшла шмат таленавітых акцёраў, спевакоў, танцораў, музыкантаў (акрамя тых, што трапілі ў Пецярбург ці Маскву) для беларускіх аматарскіх і правінцыяльных прыватна-камерцыйных рускіх і польскіх тэатраў.
Праз два з чвэрцю стагоддзі дзякуючы намаганням М.Макарцова, беларускага рэжысёра, зацікаўленасці службовых асобаў, таленту мясцовага насельніцтва адрадзіўся «Графскі тэатр у Чачэрску».

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика