У БАБІЧАХ ПУП ЗАКАПАНЫ

29 мая 2014
1

IMG_2570
Патэлефанаваўшы заўтрашняму юбіляру, дырэктару бабіцкай установы адукацыі, Аляксею Маркоўскаму, каб дамовіцца аб сустрэчы, у трубцы пачула: “Прыязджайце – школа працуе кругласутачна”. Ён заўсёды такі – з гумарам, на пазітыве. Не памылюся, калі скажу, што пасля гутаркі з такім суразмоўцам, які яшчэ і класікаў цытуе, дрэннага настрою проста быць не можа. Першай справай пытаюся пра дзяцінства.
Цяжка жылі, але весела. – Усміхаецца Аляксей Данілавіч. – Уявіце сабе: я нарадзіўся праз дзевяць год, як скончылася вайна, ў сялянскай сям’і. Бацька вярнуўся з фронту пасля кантузіі, працаваў трактарыстам у калгасе, а трэба было гадаваць нас – шасцёра дзяцей. Нягледзячы на ўсе цяжкасці яны з маці Лукер’яй Дарафееўнай ніколі дрэннага слова не сказалі на малых – так выхавалі павагу. Не дзіва, што яшчэ падлеткам мне давялось паспрабаваць свае сілы на мяцовых палетках: і баранавалі, і шаравалі… А ўвечары былі гульні жорава, кона. Жанчыны спявалі так, што заслухацца можна, вадзілі карагоды. Які голас быў у Таццяны Лахцеравай!
Адкуль з’явілася жаданне быць настаўнікам?
Мае здольнасці заўважыў тагачасны дырэктар нашай школы Іван Кузьміч Міхалкоўскі. Ён так і гаварыў: “Ты будзеш настаўнікам”. Але спачатку я паступіў у Магілёўскае культасветвучылішча, пэўны час сумяшчаў працу ў сферы культуры, быў мастацкім кіраўніком фальклорнага ансамбля “Лёс” і вёў гурткі ў школе. Потым атрымаў вышэйшую адукацыю ў Гомельскім педагагічным інстытуце на геаграфічным факультэце, але і зараз не ўяўляю свайго жыцця без творчасці, заўсёды цікаўлюся гісторыяй і этнаграфіяй, выкарыстоўваю на ўроках звесткі аб мясцовых тапанімічных назвах, легенды.
Вашы дасягненні, актыўная жыццёвая пазіцыя не раз былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Якія з іх найбольш дарагія сэрцу?
Найбольш дарагія – поспехі маіх двух сыноў, мае тры ўнукі, якіх я заўсёды чакаю… Безумоўна, прыемна было атрымаць узнагароду Міністэрства культуры СССР, Падзяку Прэзідэнта Беларусі, Ганаровыя граматы за сумленную працу ў сферы культуры і адукацыі. Мяркую, сумленне – гэта галоўная якасць чалавека. Дзе б ты ні працаваў, трэба падтрымліваць гонар сваёй краіны. Вось яшчэ, на мой погляд, вартая ўвагі ўзнагарода (паказвае ліст, які захоўваецца ў школьным музеі). Малюнак майго сына Аляксандра экспанаваўся ў Нью-Йорку на выставе, прысвечанай 50-годдзю ААН у 1995 годзе, і быў адзначаны арганізатарамі за любоў да свайго краю, жаданне зрабіць свет лепш.
Як звычайна святкуеце дзень нараджэння?
У гэтым годзе “як звычайна” не атрымаецца – ў школе, як вядома, адбудзецца ўрачыстая лінейка, прысвечаная апошняму званку, трэба даць наказ выпускнікам, адзначыць лепшых вучняў… А ўвогуле з дзяцінства люблю рыбалку – так прыемна  з вудай на беражку пільнаваць гэта вёрткае срэбра і ведаць, што дома цябе чакае смачная вячэра, якую гатуе любая жонка Людміла Пятроўна (а разам мы ўжо 35 гадоў).
Гутарку вяла
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Предыдущая новость
ЗОРКАПАД АД ДАШКАЛЯТ
следующая новость
“ЖЫВІ, ЧАЧЭРСКАЯ ЗЯМЛЯ!”