МЫ МАЛЮЕМ СОНЕЙКА

Для кожнага дзіцяці самае дарагое ў свеце – матуля, а для дарослых – няма нічога каштоўней за родных крывінак. Аднак, на жаль, такое назіраецца не заўсёды. Сёння ў Отарскім дзіцячым прытулку выхоўваецца 17 хлопчыкаў і дзяўчынак, змешчаных сюды па Дэкрэту №18. І калі для маленькіх растанне з домам выказана не так відавочна, то ў вачах падлеткаў адразу відаць боль і горыч іх “інтэрнатнага” ўтрымання. Больна ад абыякавасці бацькоў і людзям шчырага сэрца. Таму, хоць неяк маральна падтрымаць і падараваць выхаванцам некалькі хвілін сваёй пяшчоты, цяпла і ўвагі паспрабавалі работнікі Чачэрскага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва. – У рамках Міжнароднага дня абароны дзяцей яны правялі з рабятамі конкурс малюнка на асфальце і пачаставалі салодкімі гасцінцамі. Трэба было бачыць, з якім азартам прытулаўцы малявалі каляровымі крэйдамі кветкі, грыбы, птушак, сонейка і …сваю хату. А затым малыя наперабой расказвалі, як “тата піў гарэлку і біў маці”, што “бацькоў зволілі з работы за прагулы”, а на днях некага забяруць у прыёмную сям’ю. І кожны выказваў надзею, што хутка яны вернуцца дадому. Канешне, ніхто не зможа ім у гэтым дапамагчы, акрамя саміх бацькоў, але хоць на пэўны час запаліць настроем сэрцы рабят і падараваць часцінку сваёй душэўнай цеплыні – у сілах дарослых.
