ДЗЕДАВА ХАТА ШЧАСЦЕМ БАГАТА

Для кожнага чалавека мець свой вугал, добрую хату – заклад шчаслівага жыцця. У крайнім выпадку – 50 працэнтаў таго шчасця. Для Валянціна і Святланы Барадзіных з Нісімкавіч іх дом – не толькі крэпасць, але і ачаг сямейнага дабрабыту. Тут яны нарадзілі і выхоўваюць дачку, сына. Тут жа плануюць няньчыць унукаў.
– Што той горад, – усміхаецца гаспадыня. – Шум, валтузня, чэргі і – машыннае курава слупам. А ў вёсцы і дыхаецца лягчэй, і неба чыстае. А які адпачынак: лес, рэчка… Не, мы адсюль нікуды не паедзем.
З жонкай пагаджаецца і галава сям’і. Вось ужо і новы рамонт задумаў. Мала што для ўтульнасці ў пакоях на 100 квадратаў змайстраваў душавую і іншыя выгоды, дык актыўна ўзяўся за гаспадарчыя пабудовы, перш-наперш плануе ўстанавіць гараж для ўласнай тэхнікі. Хата дзеда Івана перадалася ўнуку ў спадчыну. У 1998 годзе Валянцін, які да гэтага жыў разам з ветэранам вайны, прывёў дадому маладую жонку. Яе прынялі з радасцю, так усім родам і ладзілі далейшае жыццё. А калі Івана Лазаравіча не стала, кіраваць справамі на поўных правах пачаў малады гаспадар. Прыемна паглядзець на стараннасць вясковай шлюбнай пары: усё ў іх ладзіцца, заўсёды з настроем, на ўсё хапае часу. І самім на душы соладка, і людзям на дзіва. Няхай жа і надалей ім ва ўсім спрыяе, а лёс прынясе толькі спагаду, багацце і задавальненне.
В. БАГДАНОВІЧ.
