“ЖЫВІ, ЧАЧЭРСКАЯ ЗЯМЛЯ!”

IMG_0616
Асоба Сяргея Іванавіча Атрошчанкі на Чачэршчыне ўсім вядомая. Гэта быў чалавек тонкай успрымальнай натуры, шырокага светапогляду, сапраўдны патрыёт і адданы сын сваёй Радзімы. Ён рана пайшоў з жыцця, але светлая памяць пра яго прыродны талент, адметную геніяльнасць і добрыя справы дзеля роднага краю беражліва захоўваюць сябры, калегі, сучаснікі. У гонар ушанавання імя нашага земляка на базе гісторыка-этнаграфічнага музея адбылася першая раённая краязнаўчая канферэнцыя вучняў і краязнаўцаў імя С.Атрошчанкі “Жыві, чачэрская зямля!”. Увазе судзейскай каманды былі прадстаўлены работы навучэнцаў школ раёна па чатырох намінацыях: “Землякі”, “Ваенная гісторыя”,   “Этнаграфія” і “Культурная спадчына”. Раскрываючы тэмы сваіх навуковых пошукаў, юныя даследчыкі працавалі над імі на працягу года: вывучалі гістарычныя вытокі, збіралі інфармацыю ад старажылаў і краязнаўцаў, звярталіся па дапамогу да інтэрнэт-рэсурсаў, аналізавалі матэрыялы школьных музеяў, праглядвалі старонкі раённага і іншых сродкаў перыядычнага друку і  г.д. Як заўважылі члены журы, многія з прадстаўленых работ маглі б стаць добрым дапаможнікам для культасветнікаў і настаўнікаў у сферы пазнання і больш шырокага раскрыцця ведаў пра сваю старажытную спадчыну, чачэрскі край і яго знакамітых жыхароў. Вялікая ўвага надавалася пытанням патрыятычнага выхавання моладзі, захавання ў свядомасці нашчадкаў патрыятызму і самаахвяравання герояў Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ раз па-новаму загучалі прозвішчы таленавітых ураджэнцаў раёна, чыё імя і ўчынкі праславілі Чачэршчыну за яе межамі. Цікава быў прадстаўлены аповяд Ангеліны Кебікавай з Камуна-Ленінскай школы (навуковы кіраўнік У.Мохараў) пра вясельны абрад, які калісь існаваў у вёсцы Селянін. Матнявіцкія хлопчыкі Іван Макееў і Юрый Панасенка (навуковы кіраўнік С.Чарняцін) расказалі аб сакральных момантах пераносу свячы на Мікольшчыну, які раней штогод праводзілі жыхары цяперашняга аграгарадка. Бадай, таму гэтыя работы, а таксама падрыхтаваныя Вольгай Сільчанка (навуковы кіраўнік А.Грышукова) з СШ №1 і Анастасіяй Захарчук (навуковы кіраўнік Н.Іванова) з Меркулавіцкай установы адукацыі прызнаны аднымі з лепшых. Хаця, па шчырасці кажучы, выступленні ўсіх дакладчыкаў былі цікавымі і карыснымі для агульнага ўсведамлення гістарычнай каштоўнасці нашага краю і духоўнага багацця людзей зямлі чачэрскай. На завяршэнне канферэнцыі ад настаўнікаў прагучала пажаданне сустрэцца на аналагічным мерапрыемстве. Гэта трэба як дзецям, так і педагогам – каб ведаць, шанаваць, захоўваць, перадаваць і ганарыцца. А яшчэ дзеля ажыццяўлення мар, ідэй і намераў унікальнага чалавека і апантанага гісторыка Сяргея Атрошчанкі.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика