Якасная работа чачэрскіх бібліятэкараў

Дзейнасць цэнтральнай раённай бібліятэкі не абмяжоўваецца толькі выдачай кніг і перыядычных выданняў. Пра тое, якія паслугі аказваюць абанентам і якім выдаўся мінулы год для калектыва, расказвае дырэктар культустановы Людміла ХРЫСЦІНА.

– Людміла Іванаўна, раскажыце, калі ласка, што на сучасны час уяўляе сабой бібліятэчная сістэма раёна і наколькі папулярна кніга ў чытачоў.

На сёння цэнтральная райбібліятэка аб’ядноўвае 13 устаноў, з якіх 12 абслугоўваюць вясковае насельніцтва. За мінулы год паслугамі культустаноў карысталася 6850 наведвальнікаў, кнігавыдача склала 150074 экзэмпляры. Каб зацікавіць чытача, кніжныя паліцы пастаянна папаўняюцца. У 2023-м у бібліятэчны фонд паступіла больш двух тысяч выданняў. Агульная ж яго колькасць складае 166045 экзэмпляраў.

– Якая літаратура карыстаецца найбольшым попытам у насельніцтва?

Інтарэсы ў людзей розныя. – Больш сталае насельніцтва цікавіцца дэтэктывамі, раманамі, гістарычнымі і ваеннымі сюжэтамі. Камусьці даспадобы фантастыка і прыгодніцкія творы, беларуская класіка. Моладзь часцей выбірае тое, што неабходна пры паступленні ў вну, ці па школьнай праграме.

– Раскажыце, як арганізавана работа для жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў.

З 2011 года чытачам прапануе паслугі бібліёбус, які выязджае па графіку па 6 маршрутах у 32 вёскі. У мінулым годзе такіх выездаў было 53, колькасць абанентаў – 232. Трэба сказаць, людзі з задавальненнем ідуць да мабільнай бібліятэкі, да таго ж гэта спосаб паразмаўляць, падзяліцца трывогамі, добрымі навінамі і цеплынёй сваёй душы. Паралельна вяскоўцам прадастаўляем шэраг мерапрыемстваў, віншавальных акцый і тэматычных выстаў, што дазваляе сельскім жыхарам атрымаць комплекс інфармацыі і быць у курсе галоўных падзей.

– Сучасная бібліятэка – гэта фарпост ведаў, лічбавых тэхналогій, эстэтычнага дызайна і камунікацый. Якімі яшчэ паслугамі могуць заручыцца тут наведвальнікі?

– Мы прапануем каля 30 відаў паслуг на платнай аснове, сярод якіх сканіраванне дакументаў, рэзка паперы, пошук інфармацыі ў інтэрнэце, набор тэкста на беларускай мове і інш. Але найбольш запатрабаваныя – ксеракапіраванне, брашуроўка і каляровы друк. У мінулым годзе агульная сума заробленых біблітэкарамі грошай склала 6 201 руб.

– Як культустановы краю прапагандуюць сябе ў інтэрнэт-прасторы?

– У ЦРБ ёсць афіцыйны сайт, наведванне якога за 2023-ці складае звыш 25 тысяч, а таксама старонкі ў сацсетках Аднакласнікі і «ВК». Тут ёсць усё – ад важных дзяржаўных і культурных навін да рэкламы нашай дзейнасці.

– Чачаране падтрымліваюць зносіны з калегамі бліжэйшага памежжа?

– Так. Напрыклад, прафесійнаму супрацоўніцтву чачаран з бібліятэкамі Браншчыны каля 20 гадоў. Штогод арганізуем рабочыя паездкі, або відэасустрэчы, каб падзяліцца поспехамі і працоўнымі напрацоўкамі.

– Што б Вы асабліва вылучылі ў дзейнасці бібліятэчнай галіны?

– Ведаеце, для нас усё важна, бо намаганні калектыва накіраваны не толькі на папулярызацыю чытання, але і на выхаванне чалавека як асобы, патрыёта сваёй краіны. Для гэтага робіцца многае. На базе ўстановы створаны цэнтры: інфармацыйна-метадычны, прававой інфармацыі і духоўна-асветніцкі «Адраджэнне». Працуе 13 аматарскіх аб’яднанняў для дзяцей і дарослых. Праходзяць сустрэчы з ветэранамі баявых дзеянняў у Афганістане і знакамітымі жыхарамі Чачэршчыны. Мы рэкламуем культурныя каштоўнасці Беларусі, яе прыроднае багацце і багатую народную спадчыну. Штогод удзельнічаем у абласным фестывалі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ, а на міжнародным «Славянскае адзінства-2023» прадставілі тэматычную пляцоўку «У госці да радзімічаў». Рэалізуем праекты па гісторыі малой радзімы, здароваму ладу жыцця, захаванні мясцовых традыцый і інш. У аб’яўлены Прэзідэнтам Год якасці нам спатрэбіцца ўвесь накоплены вопыт і веды, каб дасягнуць пастаўленых задач па далучэнні насельніцтва да друкаванага слова, прапагандзе і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, выхаванні ў моладзі пачуцця гонару і любові да роднай зямлі. Упэўнена, што чачэрскія бібліятэкары не падвядуць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика