НА АЛІМПЕ СЛАВЫ І ТРЫУМФУ
Атмасфера святочнасці апанавала кожнага, хто прыйшоў на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню працоўных рук перадавікоў вытворчасці раёна.
Адкрытыя ўсмешкі, шыкоўныя ўборы, ветлівыя пацісканні рукі акрылялі і нават крыху ўзрушвалі. Глядзельная зала была перапоўнена, бо на раённы злёт сабраліся не толькі лепшыя з лепшых, але і іх сябры, калегі. Хлебаробы, жывёлаводы, будаўнікі, інтэлегенцыя, прадстаўнікі сацыяльнай сферы – нібы стракаты калейдаскоп, які іскрыўся і ззяў у кінаканцэртным цэнтры “Акцябр”.
Раздзяліць радасць свята прыбылі на Чачэршчыну дэлегацыі з Веткаўскага, Краснапольскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў. Старшыня Веткаўскага райвыканкама А.Чарненка асабліва чулліва выказаў свае пачуцці да чачаран, бо “гэта менавіта яны выхавалі і дапамаглі ў службовым станаўленні”. У бок чачэрскіх жыхароў і старанных працаўнікоў адрасаваліся прывітальныя словы і віншаванні. А госці з Кармяншчыны – народны вакальны ансамбль “Славянская душа” – падаравалі ўсім прысутным незабыўныя хвіліны прыгожага і светлага, пасылаючы з-пад агня тэатральных сафітаў захапляльныя мелодыі беларускіх танцаў і песень.
Хвалююча прайшла цырымонія ўзнагароджвання лепшых па прафесіі і адорванне тых, хто пастараўся на працоўнай ніве ў мінулым годзе больш за іншых і вылучыўся ў калектыве. Паказаць сябе, як кажуць, ва ўсёй красе іх запрашалі на высокую трыбуну. І было відаць, як многія саромеліся выходзіць на ўсеагульны агляд. Смелыя і дзёрзкія ў працы, яны чырванелі ад эмацыянальнага напалу і адчувалі сябе нязручна пад пільным “прыцэлам” глядзельнай залы.
У гэты дзень, напярэдадні 8 Сакавіка, было нямала сказана добрых слоў і для жанчын. А музычныя вітанні і кветкі яшчэ больш падкрэслілі іх абаяльнасць і прыгажосць.
Немалая заслуга ў тым, што гэта свята адбылося, спонсараў і людзей добрай волі. Арганізатары дзячаць за матэрыяльную падтрымку дырэктару КЖУП “Чачэрскае” У.Марчанку, прыватным прадпрымальнікам С.Дземчанку (ПГУП “Торгстройдом”) і А.Ганчарову (ГАА “Парнат”), а таксама адміністрацыі СШ №2, раённым камітэтам прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу і сферы культуры і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
