Чачэрскія краязнаўцы наведалі знакамітасці горада Слаўгарада

Юныя краязнаўцы другой гарадской школы працягваюць знаёміцца з гісторыяй, знакамітасцямі і архітэктурнымі каштоўнасцямі Беларусі. На гэты раз члены грамадскага аб’яднання «ЧАК» арганізавалі для школьнікаў экскурсію ў старажытны горад Слаўгарад Магілёўскай вобласці.

Пачатак свайго існавання былы Прапойск бярэ ў 1136 годзе. За той час тут адбылося шмат цікавых і знакавых падзей, сярод якіх – разгром рускім войскам пад камандаваннем Пятра I шведскага корпуса генерала Левенгаўпта ў другой палове ХVІІІ стагоддзя, чым быў сарваны план пахода караля Карла ХІІ на Маскву. Храналогію тых дзён і летапіс горада ад старажытнасці да сённяшніх дзён чачаранам распавядаў супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея падчас наведвання экспазіцыйных залаў установы культуры. А потым краязнаўцы накіраваліся непасрэдна ў аграгарадок Лясная, дзе мужным і гераічным салдатам рускай арміі па рашэнні царскага ўрада для ўвекавечвання месца гібелі адважных воінаў у 1908 годзе ўсталявалі помнік у выглядзе бронзавага арла, што стаіць на зрынутым шведкім сцягу. У храме святых Пятра і Паўла, пабудаваным побач у 1912-м у гонар той перамогі і стаўшым прататыпам Пятроўскай драўлянай царквы, жадаючыя паставілі свечкі ў памяць аб ахвярах усіх войнаў, якія адгрымелі на тэрыторыі нашай краіны, і памаліліся за мір, дабрабыт, спагаду і здароўе. Затым наведалі Ляснянскую бібліятэку-музей і сфатаграфаваліся каля інсталяцый перыяду 1708 года.

Апошнім прыпынкам аматараў пазнання гісторыі сваёй краіны стаў гідралагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння – жывы выток «Голубая криница». У народзе яго яшчэ называюць сінім калодзежам, бо вада тут скрозь блакітнага колеру, цалебная і вельмі сцюдзёная. Рабяты разам з дарослымі абмылі ў святой крыніцы твары і напоўнілі гаючай вадой прывезеную з сабой тару. Дарэчы, пра ўзнікненне вытока ходзяць розныя легенды: пра русалку, тапельніцу Проню, а самая яркая – пра Кацярыну, Сцяпана і Івана. Быццам бы пасваталіся да дзяўчыны два хлопцы. І паспрачаліся, за каго яна пойдзе. Выйшлі на бераг Сожа і кінулі праз раку па валуну – чый упадзе далей, таму і быць жаніхом. Сцяпан аказаўся мацнейшым. Узлезла тады Кацярына на валун і прамовіла: «Як з нялюбым жыць, лепш буду вадою служыць». Падскочыла, ударылася аб камень і разлілася люстэркавай гладдзю.

…Вяртаючыся дадому, пад уздзеяннем атрыманых пачуццяў краязнаўцы абмяркоўвалі пачутае і ўбачанае. Пры развітанні вучні дзячылі кіраўніку грамадскага аб’яднання Пятру Несцяровічу за карысную і пазнавальную паездку. Яна стала магчымай таксама пры падтрымцы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алы Гулевіч, якая прадаставіла для экскурсіі транспарт. Пашыраючы веды аб радзіме, яе традыцыях і каштоўных здабытках, рабяты вучацца любіць Беларусь, захоўваць гістарычную справядлівасць і ганарыцца сваёй нацыянальнай прыналежнасцю.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика