Мову родную не пакінуць!

Мова – гэта не толькі сродак зносінаў, яна вызначае асаблівасці культуры, гісторыі, звычаяў той ці іншай нацыі. 21 лютага ва ўсіх краінах свету адзначаецца дзень роднай мовы. Як важна зберагчы тое багацце, што захоўвалі спакон вякоў і даняслі да нас продкі. Не страціць, не здрадзіць, не пакінуць… Сёння гаворка пойдзе пра адну з лепшых настаўніц роднай мовы.
У яе працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс аб прыняцці на працу: больш за два дзесяткі год назад Ганна Іванаўна Радзькова, жыхарка райцэнтра, пачала выкладаць родную мову і літаратуру ў тады яшчэ Матнявіцкай базавай школе. Менавіта сюды яе накіравалі пасля атрымання вышэйшай адукацыі. Прайшоўшы 24 гады працоўнага шляху, яна і сёння нясе свет ведаў вучням гэтай навучальнай установы. З году ў год імкнецца працавітая, старанная настаўніца данесці да сваіх навучэнцаў той невычэрпны скарб, дадзены нам радзімай – роднае слова.
Не меўшы ў сям’і нікога з прафесіяй настаўніка, маладая дзяўчына вырашыла паспрабаваць сябе менавіта ў гэтым накірунку. Стаць сапраўдным спецыялістам ёй дапамагло вялікае жаданне вучыцца, упартасць і працавітасць. Яна – сапраўдны прафесіянал сваёй справы, чалавек з вялізным вопытам, на якого можна толькі раўняцца, таму меркаванне найлепшага педагога заўсёды аўтарытэтнае сярод калектыву. Трывалым падмуркам у пабудаванні зладжанай працы і дасягненні найвялікшага прафесійнага майстэрства для Ганны Іванаўны з’яўляецца ў першую чаргу прынцыповасць і патрабавальнасць да сябе, калег і школьнікаў. Шмат створана карыснага дзякуючы творчаму энтузіязму педагога. Падтрымліваюць вынаходніцкія ідэі, а таксама прапануюць свае калегі-настаўнікі, дырэктр школы Антаніна Гарбунова. Агульнымі намаганням і збіраюцца гістарычныя звесткі, фальклорныя матэрыялы, успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і інш., якія змешчаны ў гісторыка-этнаграфічным музеі. Здаецца, ужо няма куды больш адшліфоўваць свой прафесіяналізм і ўдасканальваць набытыя за доўгія гады навыкі, але ж упарты працавіты філолаг не спыняецца на дасягнутым. Час ад часу ладзіць Ганна Іванаўна паказальныя адкрытыя урокі, цікавыя мерапрыемствы, што дае магчымасць іншым педагогам не толькі ацаніць майстэрства калегі, але ў той жа час пераняць вопыт, узяць нешта для сябе. Адна з вучаніц прыгадвае: “Яшчэ і сёння будзяць успаміны тыя гадзіны, калі вучыла Ганна Іванаўна ўсім тонкасцям і выключэнням з правілаў роднай мовы. Дапамагала адчуць глыбіню мастацкасці, творчай выразнасці і сэнсавай замаляванасці твораў беларускіх пісьменнікаў. Вучыла разумець і асэнсоўваць асноўную думку твору. Нібы музыка, ліліся з яе вуснаў вершы, а іх мелодыя кранала сэрца. Надзвычай лёгка, лагічна і паслядоўна тлумачыла настаўніца школьны матэрыял, падавала яго пранікнёна і з душой, не шкадуючы ні сваіх сіл, ні часу. Здаецца, у ёй струменіцца жывая крыніца натхнёнасці і знаходлівасці, бо кожны матэрыял яна заўсёды падмацуе нечым новым, цікавым і неардынарным. Хай то будзе арыгінальны прыём, альбо незвычайны ўступ на ўроку. Гэта той чалавек, які ўмее знайсці патрэбнае слова: шчырае, узнёслае, строгае або цвёрдае… “
Як прызнаецца сама педагог, калі падабаецца справа, то яна прыносіць толькі задавальненне. Больш таго, настаўніца любіць дзяцей. У вольную хвіліну, перагортваючы старонкі школьных фотаальбомаў, усплывуць у памяці знаёмыя твары выпускнікоў, цікавыя, незабыўныя моманты і падзеі з жыцця навучальнай установы. І тады перапаўняюць сэрца пачуцці радасці і шчасця за тое, што столькі калісьці зусім юных дзяўчат і хлапцоў раслі і набывалі веды тут і з гэтых сцен атрымалі пуцёўкі ў вялікае жыццё. Толькі вось, на жаль, мову родную забываюцца. А трэба, каб слова беларускае гучала, каб мовай карысталіся і ганарыліся.
Святлана ДЗІДКОЎСКАЯ.
