У гонар акадэміка Мікалая Саўчанкі ў райбальніцы ўсталявалі стэнд

У цэнтральнай раённай бальніцы на трэцім паверсе ўсталявалі памятны стэнд у гонар знакамітага земляка з вёскі Чырвоны Дварэц – былога міністра аховы здароўя БССР Мікалая Саўчанкі.
Ініцыятыва ўшанавання вялікага чалавека, таленавітага ўрача, хірурга-уролага, стваральніка і кіраўніка Беларускага цэнтра нефралогіі і трансплантацыі нырак належыць членам раённага грамадскага аб’днання краязнаўцаў «ЧАК».
Наогул, у аснове работы аматараў гісторыі ляжыць збор і захаванне гістарычных звестак пра знакавыя падзеі чачэрскай зямлі, неардынарных людзей краю, навуковых і культурных дзеячаў, вядомых спартсменаў, ганаровых грамадзян і старанных працаўнікоў, а таксама гісторыка-архітэктурнага скарбу. Гэтыя веды старэйшае пакаленне перадае нашчадкам, вучням гарадскіх і сельскіх школ.
Вось і адно з такіх прыкладаў перадачы інфармацыі наведвальнікам ЦРБ – памятны стэнд у гонар Мікалая Саўчанкі. Яго мастацкай распрацоўкай займаліся работнікі цэнтральнай райбібліятэкі, а фінансавую падтрымку аказала старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Наталля Шаўцова. Усё гэта для таго, каб ведаць, памятаць і шанаваць тое, што было зроблена знакамітым акадэмікам для беларускай краіны, яе людзей і сваёй малой радзімы.
В.БАГДАНОВІЧ.