Сцяжынкамі гісторыі па славутасцях краю
Цікавых месцаў на карце раёна шмат. У кожнай вёсачцы ёсць нешта сваё адметнае і таямнічае.
Пра возера Вір рэспубліканскага значэння ходзяць легенды і паданні. Ходзяць чуткі, быццам у колішняга пана Бяляева, што жыў у сваёй сядзібе на Пасанковым Пузе, мелася шмат грошай і залатых чырвонцаў. Падчас вайны 1812 года ён зрабіў з золата конскую гуньку (папону) і павёз зімой яе хаваць праз возера. Пад цяжарам грузу лёд трэснуў і конь праваліўся з усім скарбам. Згодна другой легендзе, глыбока на дне вадаёма ляжаць 850 рублёў золатам, сабраныя мясцовай чэляддзю для рускага войска, якое пайшло пад ваду разам з абозам. А яшчэ кажуць, у Вялікую Айчынную немцы закапалі тут важныя архіўныя дакументы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA 
OLYMPUS DIGITAL CAMERA 


У ціхай выміраючай вёсачцы Мікольск Роўкавіцкага сельсавета жывы напамін пра памешчыка Дорыа-Дэрналовіча шумяць сваімі верхавінамі магутныя клёны, пасаджаныя калісьці ў выглядзе ініцыялаў уладара. Як рэха тых стагоддзяў і памяць пра колішняга пана ў пасаг сучаснікам засталіся таксама пасаджаная па перыметры на месцы былога панскага маёнтка яловая алея ў тры абхопы каля Падазер’я і ў самім населеным пункце векавыя дрэвы-гіганты дубы. У Крутым можна наведаць могілкі паноў Жукоўскіх XVIII стагоддзя. Не менш уражліва выглядае ліпавая алея ў Іскры Меркулавіцкага сельсавета. Па ўспамінах старажылаў, некалі тут гаспадарыў пан Леўкавец. На зайздрасць гасцям і мясцовым жыхарам ён пасадзіў дрэвы каля свайго маёнтка таксама ў форме сваіх іныялаў, што было модным на той час. З гадамі пасадка часткова струхнела і прапала, але Будзішча ж Палескага сельсавета славіцца сваім дзіўным жыватворным вытокам – вялікай крыніцай на сотні ключоў, якія шмат гадоў б’юць з-пад зямлі, запаўняючы гаючай цалебнай гаючай вадой дзве вялікія чашы. У вёсцы Шылавічы каля Меркулавіч калісьці налічвалася да 600 падворкаў. Зараз там – вецер ды пустэча, а яшчэ старажытныя могілкі былых жыхароў Іменскіх, Жукоўскіх, Галіцкіх, Галкевічаў, Маліноўскіх, Парчэўскіх і іншых. Сярод крыжоў на праваслаўных пахаваннях камні-валуны памерлых шляхцічаў. У Нісімкавічах – старажытныя курганы-магільнікі, у Бердыжы – стаянка першабытнага чалавека. Усё гэта наш нацыянальны здабытак і гісторыя.
Ёсць на Чачэршчыне і духоўныя каштоўнасці. Напрыклад, у Свята-Прэабражэнскай царкве захоўваецца абраз святога Іаана Кармянскага, які закрываточыў на куце мясцовай жыхаркі шмат гадоў таму, і які яна потым перадала ў чачэрскі храм. А ў Палессі на пацямнелай ад часу іконе раптам праявіўся вобраз Бога-айца, зараз ён займае адно з галоўных месцаў святой абіцелі. Калі будзе жаданне, то кожнаму з турыстаў і заезжых спадарожнікаў знойдзецца магчымасць паглядзець і падзівіцца на тое, чым багата наша шчодрая чачэрская зямля і яе людзі.
