Доўгі век і мацярынскі клопат Юліі Балігатавай
На днях жыхарка Рудні Нісімкавіцкай Юлія Паўлаўна Балігатава адзначыць сваё 90-годдзе. Разам з матуляй падзяляюць радасць сямейнай урачыстасці яе дзеці і ўнукі.
Усё жыццё жанчыны прайшло тут, на ціхіх вясковых вуліцах. У сям’і яе бацькоў – Вікторыі і Паўла Гулевічаў было 6 дачок. Падчас вайны дзе дзяўчынкі захварэлі шкарлятынай і памерлі ў адзін дзень. Гора, якое ўскалыхнула ўсю сям’ю. Юліі Паўлаўне пашчасціла выжыць, яна потым дапамагала матулі ставіць на ногі малодшых сястрычак. Трое з іх сталі настаўнікамі, а вось сама юбілярша ўвесь свой век пражыла на вёсцы. Не магла пакінуць бацькоў, бо мела да іх вялікую павагу і высока ставілася да сямейных каштоўнасцей. Замуж выйшла за мясцовага хлопца са шматдзетнай сям’і Афанасія Балігатава. Палюбіла за ўмелыя старанныя рукі і працавітасць. Каб паставіць уласную хату, Афанасій Сцяпанавіч адправіўся на ўборку зерневых культур на цаліну. Яму спадабаліся шчодрыя багатыя землі Казахстана і гаспадар прапанаваў жонцы пераехаць на новае месца жыхарства. Але Юлія Паўлаўна адмовілася, не адважыўшыся пакінуць родных і малую радзіму. У Балігатавых нарадзілася дзве дачкі і сын. Каб іх падняць на ногі, бацька працаваў у калгасе механізатарам, убіраў на камбайне збожжа. А маці ўвесь час у паляводстве – на падборцы лёну і сенакосе, на праполцы буракоў, нарыхтоўцы бульбы і пратручванні насення. Клопату ў калгаснай працаўніцы было досыць. Да таго ж хапала работы на прысядзібным участку. На адпачынак у Юліі Паўлаўны не хапала часу. Каб набіць кадушкі салам, а склеп квашанай капустай і гуркамі, да самага змяркання – з віламі, граблямі, капаніцай у агародзе. Пакуль муж за рулём трактара ці на жніве, на яе плечы ўскладаліся хатнія турботы: вялікі статак хатняй птушкі, авечкі, карова, цяляты, парсюкі. Маленькая, шчуплая яна ўсюды паспявала. А дзе не даходзілі рукі, дапамагалі дзеці. «Мама мела вялікую прагу да працы, ні хвіліны вольнай, – расказвае дачка Кацярына. – Бывала, паставіць нам на стол сняданак, а сама хутчэй на градкі. У перапынках паміж вясковым клопатам мамачка садзілася за кросны і ткала рушнікі, посцілкі, абрусы. А які выпякала хлеб, мясныя кумпячкі! Яна не баялася цяжкасцей, адкуль толькі сілы браліся. Мы гэта бачылі і заўсёды падтрымлівалі. Да ўсяго былі прывучаныя».
Жыццё бяжыць, гады бяруць сваё. У Юліі Паўлаўны пачаліся праблемы са зрокам і сонца для яе згасла назаўсёды. Жанчына прыкавана да ложку,гэта адбітак перанесеных нагрузак і хвалявання. Асабліва пасля падзей 1968 года, калі мужа прызвалі ў савецкае войска падчас палітычных падзей у Чэхаславакіі пад вядомай назвай «Дунай». Колькі было слёз, трывог, перажывання. Ён памёр у 2007 годзе, і зноў боль. Усё перажытае негатыўна паўплывала на здароўе. Але побач – яе дочкі Алена і Кацярына, сын Пётр з жонкай Людмілай. Яны па чарзе даглядаюць нямоглую маці, сочаць за домам і лічаць за шчасце вяртацца з горада ў вёску, дзе нарадзіліся, выраслі і адкуль пачаўся іх шлях у самастойнасць. Пераняўшы ў пасаг любоў і павагу да бацькоў, шануюць і берагуць сваю матулю, перадаючы гэту павагу да састарэлай сівой мудрасці сваім дзецям.
