“ІГРАЙ, МАЦВЕЙ, НЕ ШКАДУЙ ЛАПЦЕЙ”

Корхов, дегтярев иван
Настойліва шукаюць неслухмяныя пальцы знаёмыя пугаўкі на заказной трохрадцы – адвыклі ўжо рукі крыху ад гармоніка. А некалі ж – эх, ажно ўся акруга гула і спявала. Так, пра мінулае застаецца толькі ўспамінаць… Сціхлі на вуліцы спевы, замоўкла мелодыя народнага інструмента. Толькі зрэдку загучыць недзе ў свята матыў заваднога “Крыжачка” ці “Сербіянкі”.
А калісьці да заліхвастых гарманістаў Пятра Корхава і Івана Дзегцярова з Чачэрска нібы гарох з падола сыпаліся прапановы павесяліць дзяўчат на вясковай вечарыне, пайграць на прыстольным свяце. “Бывала, гулялі ад Міхайлы і да Вялікага посту, – усміхаецца Іван Паўлавіч (на фота справа). – А запрашэнняў на вяселлі, радзіны ці провады ў армію – не пералічыць. Я пачаў іграць недзе гадоў з 14-ці, усё засажэўе прайшоў са сваім гармонікам. Выступаў і на канцэртах, працаваў пад кіраўніцтвам Рамана Гейфмана ў колішнім хоры нашага вучылішча, прымаў удзел у розных творчых конкурсах. Нават вёў музычны гурток пры гарадскім Доме культуры. Ой, і весяліліся тады!..”. Сапраўды, сёння калі хто і загудзе весялуху недзе каля хаты, адразу суседзі скажуць: “Напіўся!”. А ў недалёкім мінулым пачуць галасістых жанок на лузе, вечарам каля вогнішча, на сумеснай гулянцы – справа звычайная. На працу – з песняй, з працы – пад прыпеўкі. У вясковых клубах масніцы ламіліся ад скокаў, хлопцы і дзяўчаты наперабой ірваліся патупаць абцасамі пад “Кадрылю”, “Полечку”. “Кракавяк”. Аж пар клубам – так горача было ад выдрагелістых танцавальных каленцаў. Куды і стома дзявалася, людзі аж маладзелі ў той момант. Усім было весела і цікава.
Не сумаваў і Пётр Дзям’янавіч. Зрэдку які выхадны дзень заставаўся дома, а так – усё за інструментам. Але ні разу не пашкадаваў, што мае здольнасць да музыкі. У маладосці ён як толькі пачуе гукі гармоніка, не пройдзе міма. Спыніцца, паназірае, “наматае на вус” мелодыю, а потым па дарозе дадому насвіствае пачуты матыў. Тады яны з братам Іванам і вырашылі ў складчыну купіць трохрадку. “Спачатку ледзьве ні біліся  – каму першаму сесці за клавішы, – усміхаецца гарманіст-самавучка. – А потым падзяліліся: адзін да абеду, другі – пасля. Вучыліся на слых, падбіраючы ноту за нотай. Цяпер іграем абодва, але ў кожнага свая манера выканання, уласная творчая імправізацыя”. Яшчэ і на днях майстравіты музыка быў запатрабаваны – забаўляў гасцей на вясковым вяселлі. А, між іншым, Пятру Дзям’янавічу ўжо 75 год. Аднак рукі яшчэ не адвыклі перабіраць акорды і ўпэўнена “плаваюць” па васьміпланцы. “Трэба хоць разы два на тыдзень брацца за хромку, бо ў іншым выпадку губляецца тэхніка ігры”, – амаль па-вучонаму робіць выснову сталы віртуоз. Кажуць, таленавіты чалавек ва ўсім таленавіты. У дзядзькі Пятра ёсць таксама здольнасць да малявання – ён “вычварае” такія карціны, наносіць на палатно копіі вядомых мастакоў так, што не адрозніш ад арыгінала. Яго творы мастацтва красуюцца на варотах домаўладанняў і на гаражах многіх чачаран. Але любімы занятак – музыка. Яна і настрой падымае, і хваробы лечыць, і час бавіць. Як зашчыміць душа, ідзе Пятро да суседа Івана, садзяцца яны радком, дый іграюць ладком. Прыйдзіце, людзі, і вы – паслухайце мелодыю жыцця!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика