КЛОПАТ І ТУРБОТЫ ПАТРАБУЮЦЬ РАБОТЫ
Чыстымі вуліцамі і светлымі фасадамі будынкаў сустрэць юбілей горада – за гонар жыхарам Чачэрска. А дзеля гэтага неабходна ўсім разам кінуцца на барацьбу з брудам і неахайнасцю. Нездарма тэма добраўпарадкавання стала першачарговай на мінулай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. З гэтай нагоды адбываюцца аб”езды-агляды вытворчых тэрыторый райцэнтра і населеных пунктаў. Гасцей у дзень святкавання ў раёне будзе шмат, і многія з іх пажадаюць пазнаёміцца з архітэктурнымі і гістарычнымі мясцінамі Чачэршчыны. Іван Іванавіч Ком нагадаў, што да гэтага часу не абазначана апазнавальнымі знакамі Бердыжская стаянка і рэкамендаваў паставіць адпаведныя шыльды.
Адносна спраў у сельскай гаспадарцы – некалькі сельгаспрадпрыемстваў за мінулы тыдзень знізілі паказчыкі па надоях малака. З плюсам ідзе толькі калектыў унітарнага прадпрыемства “Звязда”. Няякаснае насенне выяўлена ў 4-х гаспадарках, цяпер там праводзіцца работа па іх ачыстцы і давядзенні да неабходнай кандыцыі. Не ў поўным аб”ёме назапашаны пратручвальнікі насення ў філіяле “Прыазёрны” – усяго крыху больш 40%.
Каб паспець да 25 верасня завяршыць сяўбу азімых, неабходна ў дзень засяваць плошчу ў аб”ёме 370 гектараў. Пры наяўнасці ў АПК раёна 21 пасяўнога агрэгата, гэта задача вырашальная. Аднак асноўнай прычынай, што стрымлівае працэс, служыць наяўнасць на палях саломы і недахоп гаручага. Асабліва востра праблемы забяспечанасці дызельным палівам назіраюцца ў КСУП “Батвінава”.
З 15 верасня плануецца перавесці жывёлу на зімова-стойлавае ўтрыманне, а ўжо 2-5 кастрычніка поўнасцю закрыць сіласныя ямы і, што называецца, “памыць рукі” па нарыхтоўцы кармоў. Былі агавораны і іншыя пытанні, яны датычаць ходу хімапрацоўкі азімых, навядзення парадку на мехдварах і МТФ, будаўніцтва і рэканструкцыі аб”ектаў.
