Эдуард Цуранаў з пяці раніцы на праце
Горад яшчэ ў дрымоце, а пад вокнамі шматпавярховых дамоў, па тратуарах і пешаходных пераходах туды-сюды снуе маленькі МТЗ-320 з адвалам і шчоткай, за рулём якога вопытны трактарыст Эдуард Цуранаў.
У час снегападу шустры трактарок з пробліскавым маячком можна ўбачыць за работай на вуліцах райцэнтра ўжо а 5-й гадзіне раніцы. А калі сумёты па калена, то і ледзь-ледзь за поўнач. Калі сонная цішыня ахінае ўсё навокал, тэхніка яшчэ гудзе, змагаючыся з капрызамі зімы. У камунальную службу мужчына прыйшоў нядаўна, але ўжо зарэкамендаваў сябе, як адказны і добрасумленны працаўнік. Гэта зараз у яго руках транспарт, які найбольш актуальны пры эксплуатацыі на абмежаванай прасторы. А раней Эдуард Мікалаевіч кіраваў і грузавымі аўтамабілямі, і Амкадорам, і энерганасычанай тэхнікай. Вопыту і механізатарскага спрыту яму не займаць.
«Работа мне падабаецца, хоць і даводзіцца ўставаць па начах, быць заўсёды на чаку – раптам паступіць экстранны выклік», – гаворыць ён, усміхаючыся. «Сёлетняе надвор’е прыпаднесла нам шмат сюрпрызаў. Але на тое ж яна і зіма, таму стараюся спраўляцца. Праўда, пры вялікай колькасці снегу мой «вараненькі конік» прабуксоўвае і слізгае. Аднак нічога, кажуць, і вада па кроплі камень точыць».
Халады хутка адступяць і прыйдзе вясна. Ізноў па вуліцах горада пабяжыць універсальны шматфункцыянальны МТЗ-320 – падмятаць пешаходныя дарожкі і наводзіць парадак каля помніка адселеным вёскам. А калі пад летнім сонейкам забуяе травастой, Эдуард Цуранаў займецца яго падкоскай – усё для таго, каб наш старажытны Чачэрск выглядаў прыгожа, утульна, прывабна.
