ЛЮБАЯ МАЯ…

Прыемныя словы віншавання і падзякі на святочным мерапрыемстве ў гарадской ратушы былі выказаны матулям, чые дзеці ў гэтым годзе паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як сказаў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч, за маладымі – будучае, і капітанамі на гэтым цеплаходзе светлага заўтра выступаюць ніхто іншы, як бацькі. На іх плечы кладзецца вялікі цяжар і святы абавязак па далейшаму пошуку свайго месца ў жыцці, выхаванню ўжо стаўшых дарослымі дзяцей, а гэта значыць – клопату і занепакоенасці яшчэ будзе досыць. І каб вывучыць падлеткаў, неабходна шмат цярпення, сілы і здароўя. Але галоўнае не губляць аптымізму і спадзяванняў, жыць з надзеяй і ўмець радавацца кожнаму дню, любіць і быць жаданымі. Ва ўнісон Пятру Васільевічу пра чыстыя мары і цёплыя сардэчныя пачуцці ў песнях і музыцы выказалі мілым матулям артысты сцэны – салісты Ірына Курдзюмава, Ксенія Кручык і дзіцячая эстрадная вакальная ўзорная студыя “Дзеці сонца”. Як заўсёды бывае на такіх чуллівых мерапрыемствах, не абыйшлося без слёз. Дай Бог, каб жанчыны плакалі толькі ад шчасця!
